Пошук

Наступствы бамбардыровак Сектара Газа Наступствы бамбардыровак Сектара Газа  (ANSA) Калонка рэдактара

Спыніць бойню

З пачатку вайны Ізраіля і ХАМАС у Газе загінулі 30 тысяч чалавек. Пра гэта ў сваёй аўтарскай калонцы піша Андрэа Тарніелі, галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News

Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін назваў бесчалавечным масавае забойства мірных ізраільцян, здзейсненае тэрарыстамі ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года. Ён падкрэсліў прыярытэтнасць вызвалення закладнікаў. Гаворачы пра права Ізраіля на абарону, ён нагадаў пра неабходнасць прытрымлівацца параметра прапарцыйнасці, суразмернасці адказу.

У размове з журналістамі напрыканцы штогадовага мерапрыемства з нагоды гадавіны Латэранскіх пагадненняў, якое прайшло 13 лютага 2024 года, кардынал Паралін недвухсэнсоўна выказаўся пра сітуацыю ў Газе. Ён нагадаў пра "рэзкае і безумоўнае асуджэнне ўсіх відаў антысемітызму" з боку Святога Пасада, але адначасова паўтарыў і "просьбу аб тым, каб права Ізраіля на абарону, якое было выкарыстана для апраўдання гэтай аперацыі, было прапарцыйным, а з 30 тысячамі загінулых яно такім не з'яўляецца". Кардынал Паралін дадаў: “Думаю, што ўсе мы абураныя тым, што адбываецца, гэтай бойняй, але мы павінны знайсці мужнасць, каб рухацца наперад і не губляць надзею". Гэта быў заклік не паддавацца адчаю, не скарацца перад магчымай непазбежнасцю новай спіралі гвалту, якая ніколі не нясе мір, але, на жаль, можа спарадзіць новую нянавісць.

Аналагічную пазіцыю заняла пісьменніца і паэтэса Эдыт Брук, якая вясной 1944 года ва ўзросце 13 гадоў была дэпартаваная ў Аўшвіц. У інтэрв'ю італьянскай газеце Il Fatto Quotidiano яна падвергла рэзкай крытыцы цяперашняга прэм'ер-міністра Ізраіля, заявіўшы што “ён прычыніў шкоду яўрэям дыяспары, таму што адрадзіў моц антысемітызму, які ніколі не знікаў, а цяпер узмацніўся". Эдыт Брук выказала перакананне, што такая палітыка ніколі не прывядзе да знішчэння тэрарызму.

Словы кардынала і яўрэйскай паэтэсы прадыктаваныя рэалістычным поглядам на працяглую трагедыю. Святы Пасад заўсёды выступае на баку ахвяр. Гэта тычыцца ізраільцян, забітых у сваіх дамах у кібуцах, дзе яны рыхтаваліся да свята Радасці Торы, гэта тычыцца закладнікаў, адарваных ад сваіх сем'яў, а таксама нявінных мірных жыхароў (траціна з якіх – дзеці), забітых у выніку бамбардзіровак Газы. Тое, што адбываецца ў сектары Газа, немагчыма назваць пабочным эфектам барацьбы з тэрарызмам. Гэтую бойню немагчыма апраўдаць правам на абарону, правам Ізраіля прыцягнуць да адказнасці вінаватых у кастрычніцкай разні.

17 снежня 2023 года, пасля забойства дзвюх хрысціянак у парафіі Газы, Францішак звярнуўся да вернікаў пасла малітвы Анёл Панскі. “Бяззбройныя мірныя жыхары становяцца аб'ектамі бамбардзіровак і абстрэлаў. (...) Гэта вайна, гэта тэрарызм”, - сказаў тады Святы Айцец, заклікаючы маліць Пана аб міры. У пачатку Вялікага посту, па меры таго як жахлівая колькасць нявінных ахвяр працягвае павялічвацца, гэты заклік становіцца яшчэ больш настойлівым: няхай змоўкне зброя, пакуль не стала занадта позна для нашага свету, які стаіць на краі бездані.

15 лютага 2024, 11:42