Пошук

Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН 

Святы Пасад у ААН: спрыяць сацыяльнай справядлівасці і развіццю

Сацыяльнаму развіццю спрыяюць барацьба з беднасцю, адукацыя, годная праца і падтрымка сем’яў - падкрэсліў арцыбіскуп Габрыэле Кача.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН прыняў удзел у 62-й сесіі Камісіі па сацыяльнаму развіццю, якая прайшла ў Нью-Ёрку 12 лютага 2024 года. Ён нагадаў удзельнікам сустрэчы пра “асаблівыя абавязацельствы перад тымі, хто бедны і знаходзіцца ва ўразлівым становішчы”, для каго задавальненне асноўных патрэбаў застаецца штодзённай барацьбой, і заклікаў працаваць дзеля змякчэння наступстваў беднасці. “Эфектыўныя сістэмы сацыяльнай абароны, уключаючы пенсійныя сістэмы, якія цэняць і ўлічваюць сямейныя абавязкі, з'яўляюцца важным інструментам барацьбы з беднасцю”, - адзначыў ватыканскі дыпламат.

Роля адукацыі

Сацыяльнае развіццё накіравана на забеспячэнне цэласнага развіцця чалавека, асноўным сродкам якога з'яўляецца адукацыя, якая “робіць людзей свабоднымі і адказнымі”. Выклікае занепакоенасць тое, што бедныя сем'і з цяжкасцю могуць дазволіць сабе школьную адукацыю дзяцей, а таксама недахоп кваліфікаваных настаўнікаў, асабліва ў краінах на шляху развіцця. Неабходна вырашаць гэтыя праблемы, каб “кожнае дзіця атрымала магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял”, - падкрэсліў арцыбіскуп Кача.

Годнасць працы

Яшчэ адной важнай умовай развіцця з'яўляецца доступ да годнай працы са справядлівай аплатай для ўсіх. Праца дазваляе мужчынам і жанчынам выкарыстоўваць свае ўнікальныя таленты для самарэалізацыі і развіцця грамадства. “На жаль, многія маладыя людзі сутыкаюцца з беспрацоўем або няпоўнай занятасцю, у той час як пажылыя часам сутыкаюцца з дыскрымінацыяй на працы ці не могуць выйсці на пенсію з-за фінансавай неабароненасці”, - адзначыў іерарх, заклікаючы палітыкаў “спрыяць стварэнню справядлівых умоў на працоўным месцы і ў эканоміцы”.

Падтрымка сем'яў

Прадстаўнік Святога Пасада выказаў глыбокую занепакоенасць тым, што “на міжнародных форумах усё часцей перамяншаецца ці нават ачарняецца роля сям'і”, і заклікаў дзяржавы абараняць сям’ю, якая гуляе “не дапаможную або ўскосную”, а цэнтральную ролю ў сацыяльным развіцці. Сям'я – гэта школа глыбокай чалавечнасці, якая перадае ў спадчыну каштоўнасці любові і братэрства, еднасці і абмену, клопату пра іншых. “Для многіх людзей у свеце сям'я – гэта не толькі першая, але і адзіная форма сацыяльнай абароны”, - нагадаў арцыбіскуп Кача, заклікаючы дзяржаўных дзеячаў падтрымліваць сям'ю ў яе найважнейшай ролі ў галіне сацыяльнага развіцця.

13 лютага 2024, 13:43