У Рыме пройдзе канферэнцыя, прысвечаная ролі жанчын у Касцёле
Марыя Валодзіна – Vatican News
Форум пройдзе пад назвай Жанчыны ў Касцёле: творцы чалавечнасці.
Удзельнікі канферэнцыі паразважаюць над яркімі сведчаннямі дзесяці жанчын: манахінь, місіянерак, свецкіх замужніх жанчын і маці, якія сеялі Слова Божае на розных кантынентах. Многія з іх жылі верай у неспрыяльных і нават бесчалавечных умовах.
Сярод арганізатараў канферэнцыі такія акадэмічныя ўстановы, як Каталіцкі ўніверсітэт Авілы, Папскі ўрбаніянскі ўніверсітэт, Папскі ўніверсітэт Святога Крыжа, Інстытут вышэйшых жаночых даследаванняў Папскага ўніверсітэта Athenaeum Regina Apostolorum і Папскі тэалагічны факультэт Teresianum у Рыме.
Ініцыятыва праводзіцца кожныя два гады. У 2024 годзе канферэнцыя будзе прысвечана постацям дзесяці святых жанчын, сярод якіх заступніца Афрыкі Жазэфіна Бакіта; заснавальніца кангрэгацыі Малых Сясцёр Езуса, благаслаўлёная Магдалена ад Езуса; амерыканская святая Элізабэт Эн Сэтан, якая апеквалася ўдовамі з дзецьмі; заснавальніца Кангрэгацыі Сясцёр святога Юзафа ад Святога Сэрца Езуса, святая Марыя Макілап з Аўстраліі; калумбійская святая Лаура ад святой Кацярыны Сіенскай; Катэры Тэкаквіта, першая паўночнаамерыканская святая, якая паходзіла з карэнных народаў; маці Тэрэза з Калькуты; ліванская манахіня Рафка Ар-Раэс; благаслаўлёная Марыя Бельтрамэ Кватрокі, жонка Луіджы Бельтрамэ Кватрокі, беатыфікаваная разам з мужам у 2001 годзе Янам Паўлам ІІ, а таксама слуга Божая Дафроуз Мукансанга з супольнасці Эмануэля, забітая ў Руандзе ў 1994 годзе разам з мужам і шасцю дзецьмі.