У Ватыкане ўручаць прэмію Фонда Centesimus Annus – Pro Pontifice
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пераможцай сёлета стала чылійская даследчыца Караліна Мантэра Орфанаполас, выкладчыца Каталіцкага ўніверсітэта імя Сільва Энрыкеса ў Сант’яга. Яна вывучае праблемы са сферы маральнай тэалогіі, практыкі хрысціянскага жыцця і біяэтыкі і будзе адзначана ватыканскай узнагародай за кнігу Уразлівасць. У кірунку больш чалавечнай этыкі (Vulnerabilidad. Hacia una Etica mas Humana), якая выйшла ў 2022 годзе.
Даследчыца лічыць важнай і тэрміновай задачай уключэнне катэгорыі ўразлівасці ў сучасную маральную тэалогію, што патрабуе міждысцыплінарнай працы. На яе думку, паняцце ўразлівасці мае фундаментальнае значэнне для развіцця больш чалавечнай хрысціянскай этыкі.
Цырымонію ўручэння прэміі ўзначаліць кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы. З дакладам пра важнасць навуковай дзейнасці сёлетняй пераможцы конкурсу выступіць нямецкі кардынал Рэйнхард Маркс, арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінскі і старшыня журы Фонда Centesimus Annus – Pro Pontifice.
У рамках мерапрыемства адбудзецца круглы стол на тэму ўздзеяння ўразлівасці на краіны, прадпрыемствы і грамадствы. У ім будуць браць навукоўцы і прадстаўнікі бізнесу, у тым ліку старшыня Папскай акадэміі сацыяльных навук і дэкан факультэта сацыяльных навук Папскага ўніверсітэта імя святога Тамаша Аквінскага ў Рыме, англійская дамініканка, сястра Хэлен Алфорд. З заключным словам да ўдзельнікаў падзеі звернецца кардынал П’етра Паралін.