Пошук

У Ватыкане ўручылі дыпломы даследчыкам яўрэйскіх рукапісаў

13 лютага 2024 года ў Ватыканскай апостальскай бібліятэцы прайшла цырымонія ўручэння дыпломаў удзельнікам праграмы па вывучэнню старажытных яўрэйскіх манускрыптаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Дыпломы аб заканчэнні спецыяльных курсаў па вывучэнню ватыканскіх рукапісаў атрымалі чатырнаццаць спецыялістаў і навукоўцаў з Аргенціны, Балгарыі, Венгрыі, ЗША, Ізраілю, Кеніі, Коста-Рыкі, Польшчы і Чылі.

З завяршэннем навучальных курсаў даследчыкаў павіншавалі прэфект бібліятэкі, ксёндз Маўра Мантавані, і бібліятэкар, арцыбіскуп Анджэла Вінчэнца Дзані. Прэфект падкрэсліў, што ўручэнне дыплома – гэта не толькі фармальнасць, але і знак сяброўства і агульнай прыхільнасці да культуры. Ён выказаў гатоўнасць працягваць гэты праект, які ўяўляе сабой выдатную магчымасць для навядзення міжкультурных і міжканфесійных мастоў і прасоўвання культуры дыялогу.

Дыпломы ўручыла Клаўдыя Мантускі, дырэктар аддзела рукапісаў Ватыканскай апостальскай бібліятэкі. Яна падкрэсліла, што бібліятэчная калекцыя сведчыць пра “дыялог культур, рэлігій, цывілізацый і нават моў”.

Курсы па вывучэнню яўрэйскіх рукапісаў распачаліся ў Ватыкане ў ліпені 2023 года і праводзіліся ўпершыню. Яны былі арганізаваныя ў супрацоўніцтве з Лацінаамерыканскай рабінскай семінарыяй і іншымі даследчымі цэнтрамі.

19 лютага 2024, 12:01