Ватыканскія музеі запрашаюць на велікапосныя экскурсіі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Візіты будуць праходзіць кожную суботу велікапоснага перыяду – з 17 лютага па 23 сакавіка 2024 года. Іх праграма прадугледжвае знаёмства з выявамі асноўных момантаў жыцця Збаўцы, саркафагамі першых хрысціян, на якіх змешчаны вобразы смерці і ўваскрасення Хрыста, шэдэўрамі Ватыканскай пінакатэкі, сярод якіх Палажэнне ў труну Караваджа. Завяршаецца маршрут у Сікстынскай капэле, дзе на фрэсцы Страшны суд Мікеланджэла наведвальнікі змогуць сузіраць трыумф хрысціянскай надзеі.
Экскурсіі праводзяцца на англійскай і італьянскай мовах. Яны падыходзяць для наведвальнікаў усіх узростаў, у тым ліку для дзяцей ад шасці гадоў, а таксама для людзей з парушэннямі сэнсарных, маторных і інтэлектуальных функцый. Больш падрабязная інфармацыя даступна на сайце Ватыканскіх музеяў: www.museivaticani.va.