Арцыбіскуп Пэнья Пара: Марыя і сёння адганяе страхі і небяспеку
Марыя Валодзіна - Vatican News
Урачыстасць прайшла раніцай 18 сакавіка 2024 года ў катэдральным саборы Аяча, сталіцы Корсікі. Яму папярэднічала свята святла – шэсце са свечкамі ў гонар заступніцы Корсікі, якое штогод праходзіць у ноч з 17 на 18 сакавіка, збіраючы тысячы вернікаў.
У Каталіцкім Касцёле святло сімвалізуе Хрыста, які, “стаўшы чалавекам, разарваў цемру таямніцы, адкрыў людзям твар Айца і ўваскрос у Велікодную ноч, даўшы нам святло несмяротнага жыцця", - сказаў у сваёй гаміліі арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара, які перадаў карсіканцам благаслаўленне Папы Францішка. У Імшы прымаў удзел таксама біскуп Аяча, кардынал Франсуа-Ксаўе Бусціё.
Як нагадаў арцыбіскуп Пэнья Пара, святкаванне заступніцы Аяча сыходзіць каранямі ў цяжкі перыяд гісторыі, калі востраву пагражала чума. Карсіканцы заклікалі да заступніцтва Марыі, і калі эпідэміі ўдалося пазбегнуць, 16 сакавіка 1656 года вырашылі абвясціць яе заступніцай сталіцы з тытулам Маці Божай Міласэрнай, "загадаўшы пабудаваць капліцу ў яе гонар у катэдры".
З тых часоў вернікі Аяча кожны год праводзяць урачыстасці ў гонар Марыі, "прытрымліваючыся аднаго і таго ж старажытнага рытуалу". "Любоў, малітва і давер, якія чатыры стагоддзі таму, дзякуючы мацярынскаму заступніцтву Марыі, адагналі небяспеку і страхі ад гэтай цудоўнай зямлі і яе жыхароў, працягваюць рабіць гэта праз стагоддзі”, - адзначыў іерарх.
Арцыбіскуп Пэнья Пара заахвоціў прысутных вернікаў даверыцца Марыі, як заклікаў Францішак ва ўрачыстасць святой Багародзіцы 1 студзеня 2024 года. Разам з Марыяй мы вучымся жыць, “нават у пакутах, верай у Бога, які ратуе, суцяшае і схіляецца над нашай беднасцю”, абдымае нас у нашай адзіноце, таму што мы больш не самотныя, нясе з намі самыя цяжкія крыжы і запальвае агні надзеі ў ночы пакут”.