Пошук

Кардынал Канталамеса: дух свету можа пранікнуць у нас як вірус

У другім велікапосным казанні для Рымскай курыі прапаведнік Папскага дома, кардынал Раньера Канталамеса, заклікаў быць пільнымі, каб не паддацца духу гэтага свету і яго спакусам пошуку задавальненняў, улады і грошай.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Свет, пра які размаўляем і да якога не павінны прыстасоўвацца, гэта не свет, створаны і любімы Богам; не людзі гэтага свету, да якіх мы павінны заўсёды выходзіць насустрач, асабліва бедныя, апошнія, пакутуючыя. “Змяшацца” з гэтым светам пакут і маргіналізацыі – гэта, парадаксальным чынам, найлепшы спосаб “аддзяліцца” ад свету, бо гэта значыць ісці туды, адкуль свет уцякае з усіх сіл. Гэта значыць аддзяліцца ад прынцыпу, які кіруе светам – эгаізму”, - патлумачыў італьянскі капуцын іерархам і супрацоўнікам структур Апостальскай Сталіцы, якія 1 сакавіка 2024 года сабраліся ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Прапаведнік заўважыў, што дух гэтага свету – антаганіст Святога Духа –дзейнічае быццам камп’ютэрны вірус, які пранікае ўсярэдзіну самымі нечаканымі шляхамі і блакіруе нармальнае функцыянаванне, змяняючы так званыя “аперацыйныя сістэмы”.

“Дух свету дзейнічае аналагічным чынам. Ён пранікае ў нас праз тысячы каналаў, як паветра, якое ўдыхаем, і апынуўшыся ўсярэдзіне, змяняе нашы аперацыйныя мадэлі: мадэль “Хрыстус” замяняе на мадэль “свет”. Таксама і свет мае сваю “тройцу”, сваіх трох бажкоў, ідалаў, прызначаным для пакланення: задавальненні, уладу і грошы. Мы ўсе шкадуем пра бедствы, якія яны ствараюць у свеце, але ці ўпэўнены, што мы самі застрахаваны ад іх?”, - прапанаваў задумацца прапаведнік.

На думку іерарха, самым вялікім суцяшэннем у гэтай барацьбе са светам звонку і ўнутры нас, з’яўляецца веданне таго, што ўваскрослы Хрыстус працягвае маліцца за нас да Айца словамі, якімі развітаўся з апосталамі: “Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, а каб захаваў іх ад злога. Яны не са свету, як і Я не са свету. Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё – гэта праўда. Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет. І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвячаныя ў праўдзе. Не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга” (Ян 17, 15-20). І з глыбіні сэрца мы кажам: Амэн!”, - завяршыў другое велікапоснае казанне кардынал Канталамеса.
 

01 сакавіка 2024, 11:26