Кардынал Тамазі: пашыраць культуру разумення наступстваў вайны
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Неабходна выхоўваць грамадскую думку, ствараць калектыўную культуру ўсведамлення драматычных наступстваў вайны. Гвалт спараджае катастрофы, але разбурэнні, выкліканыя атамнай зброяй, яшчэ горшыя. Менавіта з гэтай прычыны вельмі важна рабіць усё магчымае, каб павысіць інфармаванасць звычайных грамадзян аб гэтым”, - заявіў іерарх у інтэрв’ю Vatican News.
Кардынал Тамазі – адзін з найбольш дасведчаных папскіх дыпламатаў. З 2003 па 2016 года ён быў Пастаянным назіральнікам Апостальскай Сталіцы пры структурах ААН у Жэневе. Затым – спецыяльным дэлегатам пры Суверэнным Вайсковым Мальтыйскім Ордэне.
Іерарх перакананы ў неабходнасці забароны магутных узбраенняў, наступствы выкарыстання якіх, нават для самаабароны, могуць ператварыць зямлю ў пустыню. На яго думку, “найбольш разумным варыянтам будзе пераход ад менталітэту запалохвання да менталітэту даверу”, да чаго заклікае і Святы Айцец.
“Папа выконвае ролю сумлення чалавецтва вельмі выразна і рашуча. Здаецца, што адзіным разважлівым голасам, які ў нас ёсць на дадзены момант у дыскусіі аб праблеме раззбраення, аб вялікіх і малых войнах, з’яўляецца голас Францішка. Ён робіць вялікую паслугу чалавецтву. Указваючы на наступствы палітычных рашэнняў, якія спрыяюць вайне, ён імкнецца прадухіліць нешта страшнае. Францішак пастаянна настойвае на неабходнасці сесці і пачаць перамовы, выкарыстоўваць стратэгію дыпламатыі ці здаровы сэнс у дыялогу. Сёння я не бачу альтэрнатыў патрэбе ў дыялогу. Усе іншыя сродкі, якія былі выкарыстаны, аказаліся неэфектыўнымі, а нават яшчэ больш небяспечным, чым чакалася. Таму нас не павінна здзіўляць і раздражняць тое, што Святы Айцец увесь час вяртаецца да тэрміновай патрэбы ў дыялогу замест гвалту”, - сказаў кардынал Тамазі.
Папскі дыпламат нагадаў, што войны прыводзяць не толькі да шматлікіх ахвяр, эканамічных страт і разбурэння адносін паміж людзьмі, але таксама да згубы людзьмі пачуцця этыкі і маралі. “Тое, чаму мы навучыліся ад папярэдніх войнаў, гэта, што яны прыводзяць да нечаканых і непрадбачаных наступстваў. Зараз адбываецца падобная вайна, але ўсведамленне шкоды, якую яна наносіць будучым пакаленням, абсалютна не ўлічваецца”, - адзначыў іерарх, назваўшы “маральны голас Папы ў міжнародным кантэксце” тым, “што засталося ад разважлівасці чалавечай сям’і”, калі яна спрабуе адказаць на праблемы, з якімі сутыкнулася.