Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Новыя дэкрэты Дыкастэрыі па справах кананізацыі

14 сакавіка 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі кардынала Марчэла Сэмерара, прэфекта Дыкастэрыі па справах кананізацыі, і ўпаўнаважыў гэта ведамства абнародаваць новыя дэкрэты.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Тры дакументы тычацца прызнання цудаў, якія адбыліся дзякуючы малітве праз заступніцтва ліванскага епіскапа Істыфана Дувэйхі (1630-1704), мараніцкага Патрыярха Антыёхіі (1630-1704); іспанскага дыяцэзіяльнага святара, ксяндза Хасэ Торэса Падзілы (1811-1878), сузаснавальніка кангрэгацыі Сясцёр Таварыства Крыжа; а таксама французскага дыяцэзіяльнага святара, ксяндза Каміля Коста-дэ-Барэгара (1841-1910).

Два дэкрэты тычацца прызнання мучаніцтва ахвяр паслядоўнікаў нацызму і камунізму. Гаворка ідзе пра нямецкага дыяцэзіяльнага святара, ксяндза Ёзэфа Мецгера (1887-1944), заснавальніка свецкага інстытута кансэкраванага жыцця Societas Christi Regis, забітага з нянавісці да веры ў нацысцкай Германіі; а таксама пра сястру Марыю Крыстафору Кломфас і яе 14 паплечніц з кангрэгацыі Сясцёр Катарыны Панны і Мучаніцы, забітых чырвонаармейцамі ў Польшчы ў 1945 годзе.

Яшчэ сем дэкрэтаў тычацца прызнання гераічнасці цнот: індыйскага архіепіскапа Гіваргіса Томаса Панікарувітэла (1882-1953), пастыра сіра-малабарскай архіепархіі Трывандрум, заснавальніка мужчынскай і жаночай манаскай супольнасці Наследавання Хрыста; бразільскага дыяцэзіяльнага святара, ксяндза Ліберыа Радрыгеса Марэйры (1884-1980); харвацкага капуцына, брата Антоніа Тамічыча (1901-1981); італьянскай свецкай верніцы і маці, Марыі Маддалены Фрэскабальдзі Капоні (1771-1839), заснавальніцы Сясцёр Пасіяністак Святога Паўла ад Крыжа; амерыканскай законніцы, сястры Мэры Альфонсы Хаўторн (1851-1926), заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Дамініканак святой Ружы Лімскай; італьянскай законніцы Элізабеты Якабучы (1858-1939) з супольнасці Сясцёр Францішканскіх Тэрцыярак; а таксама італьянскай свецкай верніцы Анджэліны Пірыні (1922-1940).
 

14 сакавіка 2024, 12:57