Пошук

Удзельнікі пленарнага пасяджэння Папскай камісіі па абароне непаўналетніх на аўдыенцыі ў Ватыкане Удзельнікі пленарнага пасяджэння Папскай камісіі па абароне непаўналетніх на аўдыенцыі ў Ватыкане  (ANSA)

Святы Пасад пашырае абарону непаўналетніх на Глабальным Поўдні

Папская камісія па абароне непаўналетніх падвяла вынікі сваёй дзейнасці за дзесяць гадоў. Нагодай стала пленарная асамблея, якая праходзіла з 5 па 8 сакавіка 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Структура прадставіла штогадовую Пілотную справаздачу аб захаванні палітыкі і працэдур гарантавання бяспекі ў Касцёле, зацвердзіла пашыраную версію Універсальных кіруючых прынцыпаў (UGF), вітала адабрэнне Святым Айцом праграмы нарошчвання патэнцыялу ініцыятывы Memorare на Глабальным Поўдні, дала зялёнае святло групе высокага ўзроўню па вывучэнні праблемы ўразлівых дарослых і іх абароны ў касцёльных установах.

Удзельнікі пасяджэння выказалі спадзяванне на тое, што Універсальныя кіруючыя прынцыпы стануць шырока дзейнічаць у тых частках Касцёла, дзе не хапае вопыту і рэсурсаў. Камісія падрыхтуе канчатковую версію для ўсіх рэгіёнаў з мэтай вызначэння эталоннага крытэрыю, на падставе якога Касцёл зможа ацэньваць здольнасць да абароны, слабыя бакі і ставіць мэты паляпшэння.

Значная частка Пленарнай асамблеі была прысвечана разгляду і ацэнцы штогадовай Пілотнай справаздачы, у якой прапануецца ацэнка рэгіянальных тэндэнцый з указаннем напрамкаў паляпшэння, а таксама даюцца рэкамендацыі, як дзейнічаць для дасягнення праўды, справядлівасці, кампенсацыі і непаўтарэння злоўжыванняў адносна непаўналетніх і ўразлівых дарослых у Касцёле ва ўсім свеце.

Ініцыятыва Memorare з'яўляецца праграмай нарошчвання патэнцыялу для прыцягнення практычных рэсурсаў да тых Касцёлаў, якія змагаюцца за ўкараненне асноўных стандартаў абароны непаўналетніх, прадухіленне злоўжыванняў і стварэнне служэння падтрымкі ахвяр. Стаўпы Праграмы, як заявілі ў Папскай камісіі, караняцца ў дакуменце Францішка Vos estis lux mundi.
 

12 сакавіка 2024, 11:11