Святы Пасад: карані расізму крыюцца ў невуцтве і забабонах
Марыя Валодзіна - Vatican News
Арцыбіскуп Габрыэле Кача нагадаў аб тым, што расізм прымае розныя формы як на індывідуальным, так і на групавым узроўнях. Напрыклад, асобы афрыканскага паходжання часта становяцца мішэнню расавай дыскрымінацыі пры міграцыйным кантролі, працаўладкаванні, пошуку жылля і атрыманні адукацыі.
Расізм можа выяўляцца ў мысленні і дзеяннях, а таксама ў бяздзейнасці, калі людзі і супольнасці захоўваюць маўчанне і не прымаюць ніякіх мер супраць расізму, расавай дыскрымінацыі і несправядлівасці. Акрамя таго, расізм можа прымаць форму ідэалагічнай каланізацыі, калі пэўныя дзяржавы імкнуцца навязаць сваю ідэалогію іншым, часам адмаўляючы ў фінансавай падтрымцы і гуманітарнай дапамозе, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасада.
Нельга заставацца абыякавымі перад абліччам расізма. Барацьба з ім павінна пачынацца з вытокаў. “Мы павінны ўсведамляць, што карані расізму крыюцца ў невуцтве і забабонах, часта з'яўляюцца вынікам дрэннай або няякаснай адукацыі”, - заўважыў арцыбіскуп Кача, дадаючы, што роля адукацыі ў барацьбе з расізмам вельмі важная. Выхаванне павінна пачынацца ў сям'і, паколькі гэта першае месца, дзе перадаюцца каштоўнасці любові і братэрства, еднасці і клопату пра іншых.
Многія мігранты і бежанцы афрыканскага паходжання сутыкаюцца з расізмам, ксенафобіяй, дыскрымінацыяй і нецярпімасцю, не знаходзячы падтрымкі, у якой маюць патрэбу. Мы знаходзімся на ключавым этапе выбару паміж культурай чалавечнасці і культурай абыякавасці. Кожны член чалавечай сям'і заслугоўвае месца, якое мог бы назваць домам. Гэта ўключае ў сябе ежу, жыллё, ахову здароўя, адукацыю і годную працу. Бежанцаў і мігрантаў нельга разглядаць як аб'екты, якія маюць патрэбу ў дапамозе, але як людзей з роўнай годнасцю, правамі і абавязкамі, - зазначыў прадстаўнік Святога Пасада.