Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы Пасад у ФАО: прасоўваць устойлівае рыбалоўства і аквакультуру

Пра важнасць акіянаў для харчовай бяспекі нагадаў прадстаўнік Святога Пасаду ўдзельнікам 38-й сесіі Рэгіянальнай канферэнцыі ФАО для Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, якая праходзіць у Гаяне.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Паводле ААН, у 2050 годзе насельніцтва планеты дасягне 10 мільярдаў чалавек, і для таго, каб пракарміць усіх, неабходна звярнуць увагу на акіяны, - заўважыў Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО), Міжнародным фондзе сельскагаспадарчага развіцця і Cусветнай харчовай праграме.

Мансеньёр Фэрнанда Кіка Арэлана спаслаўся на ініцыятыву Blue transformation (Блакітная трансфармацыя), якую прасоўвае ФАО з мэтай павышэння патэнцыялу акіянаў для забеспячэння глабальнай харчовай бяспекі. Ён адзначыў, што ініцыятыва павінна быць упісана ў кантэкст “экалагічнага навяртання”, да якога часта заклікае Папа Францішак.

Неабходна пазбягаць разбуральных і селектыўных метадаў рыбалоўства, якія пагражаюць некаторым відам планктону і наносяць шкоду “выжыванню і развіццю” рыбакоў, для якіх лоўля рыбы з’яўляецца промыслам, іх сем’яў, а таксама “карэнных народаў, якія бачаць, што іх прабацькоўскія правы парушаюцца, а навакольнае асяроддзе, у якім яны заўсёды жылі, знішчаецца”, - сказаў папскі дыпламат.

Мансеньёр Арэлана заклікаў да сацыяльнага развіцця і стварэння магчымасцей для ўсіх, каб “блакітная трансфармацыя” і “экалагічнае навяртанне” былі накіраваны на “рэалізацыю агульнага дабра, што з’яўляецца адзіным спосабам клопату пра супольны дом, у якім мы ўсе жывём і які таксама павінен прыняць будучыя пакаленні”.
 

21 сакавіка 2024, 09:36