Пошук

Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява 

Святы Пасад: сапраўдная рэлігія ніколі не заахвочвае да нянавісці

6 сакавіка 2024 года на 55-й сесіі Савета па правах чалавека ў Жэневе разглядалася пытанне свабоды веравызнання. Прадстаўнік Святога Пасада заклікаў праяўляць асцярожнасць пры выкарыстанні тэрміна "распальванне нянавісці".

Марыя Валодзіна - Vatican News

Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра нагадаў словы Францішка аб тым, што свабода веравызнання азначае права кожнага пакланяцца Богу так, як таго патрабуе сумленне, але рэлігійная свабода па сваёй прыродзе выходзіць за рамкі храмаў і прыватнай сферы асобных людзей і сем'яў, таму што “рэлігія – гэта не субкультура, а частка культуры кожнага народа і кожнай нацыі".

У свеце распаўсюджваюцца антырэлігійныя настроі: амаль 4,5 мільярда чалавек жывуць у краінах з сур'ёзна абмежаванай свабодай веравызнання. Гэта азначае, што прыкладна 57% насельніцтва свету пазбаўлена свабоды веравызнання. Па статыстыцы, хрысціяне з'яўляюцца найбольш пераследуемай групай вернікаў: паводле ацэнак, "пераследу падвяргаецца кожны сёмы хрысціянін”, - нагадаў пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

На жаль, рэлігіяй можна злоўжываць для распальвання нянавісці. Аднак сапраўдная рэлігія ніколі не заахвочвае да нянавісці да іншага, - адзначыў дыпламат.

У гэтым кантэксце важна праяўляць асаблівую асцярожнасць пры абмеркаванні тэмы рэлігійнай нянавісці. Тэрмін распальванне нянавісці – агульны і можа быць выкарыстаны для суб'ектыўных і патэнцыйна прадузятых інтэрпрэтацый. З аднаго боку, не існуе агульнапрынятага прававога вызначэння распальвання нянавісці. З іншага боку, як сцвярджае артыкул 18 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, “права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі ўключае права вызнаваць сваю рэлігію або перакананні ў вучэнні, богаслужэнні і выкананні рэлігійных і рытуальных абрадаў". Такім чынам, законнае вызнаванне рэлігійных перакананняў ніколі не павінна прыраўноўвацца да распальвання нянавісці, - папярэдзіў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.

“Несумненна, мы павінны рашуча адрынуць інструменталізацыю рэлігіі ў мэтах распальвання нянавісці, але мы таксама павінны пільна сачыць за тым, каб непрыманне рэлігійнай нянавісці не выкарыстоўвалася ў якасці апраўдання для падаўлення або абмежавання свабоды вернікаў і рэлігійных перакананняў”, - завяршыў сваю прамову арцыбіскуп Балестрэра.

06 сакавіка 2024, 11:44