Ватыканская бібліятэка: семінар пра лічбавыя тэхналогіі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Семінар быў прысвечаны выклікам у сферы захавання лічбавых дакументаў, з акцэнтам на даследаванні і сучасныя практыкі ўстойлівага і шматразовага выкарыстання лічбавых калекцый. Удзельнікам форума быў прадстаўлены доўгатэрміновы праект лічбавага захавання фондаў Ватыканскай апостальскай бібліятэкі.
“Дзякуючы развіццю тэхналогій удасканальваецца захаванасць усёй лічбавай дакументацыі. Мы лічым, што варта задумацца і пра будучыню, быць гатовымі адкрыцца на тое, каб зрабіць даступным усё, што маем, каб спрыяць культуры, пошуку праўды, а таксама выкарыстоўваць абмен з тымі рэальнасцямі, якія ўжо набылі такі досвед”, - падкрэсліў у інтэрв’ю Vatican News прэфект бібліятэкі, ксёндз Маўра Мантавані.
Святар адзначыў, што ў планах бібліятэкі ёсць “некалькі вельмі цікавых праектаў”, звязаных з выкарыстаннем штучнага інтэлекту, напрыклад, яго магчымасцей па распазнаванні выяў і пошуку тэксту, якія нельга было ўявіць у мінулым. У той жа час, святар заўважыў, што штучны інтэлект павінен знаходзіцца пад мудрым кіраваннем, якое адсылае да чалавечага вымярэння і патрэбнасці яго захавання і развіцця.