Абвешчаны першы лаўрэат прэміі Фонду імя Яна Паўла II
Марыя Валодзіна - Vatican News
Прэмія Ватыканскага фонду імя Яна Паўла II была заснаваная 7 лютага 2023 года для ўзнагароды людзей, арганізацый або ініцыятыў, якія ў сваёй навуковай, культурнай і сацыяльнай дзейнасці абапіраюцца на вучэнне святога Яна Паўла II, а таксама спрыяюць пашырэнню яго спадчыны ў Касцёле і свеце.
Мэта прэміі – адзначыць значныя дасягненні, а таксама падтрымаць дзейнасць, накіраваную на паглыбленне вучэння і творчую рэалізацыю каштоўнасцяў Яна Паўла II, даць працяг пастырскім праектам, распачатым падчас яго пантыфікату. Лаўрэатаў прэміі выбірае капітул, які складаецца з трынаццаці членаў, аўтарытэтных і вядомых у розных галінах ведаў і касцёльнай дзейнасці.
14 кастрычніка 2023 года Міжнародны капітул прэміі святога Яна Паўла II пад старшынствам кардынала Курта Коха, прэфекта Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, абраў першага пераможцу. Ім стаў Цэнтр справядлівасці і міру імя Яна Паўла II у Кампале. Гэта арганізацыя была заснаваная ў 2006 годзе па ініцыятыве сямі манаскіх кангрэгацый, якія дзейнічаюць у Угандзе. Мэтай Цэнтра з'яўляецца практычнае распаўсюджванне сацыяльнага вучэння Касцёла.
Цырымонія ўручэння прэміі пройдзе ў Ватыкане 22 мая 2024 года.