Пошук

Сустрэча арцыбіскупа Галахера з дэлегацыяй Камуністычнай партыі В’етнама (18.01. 2024) Сустрэча арцыбіскупа Галахера з дэлегацыяй Камуністычнай партыі В’етнама (18.01. 2024)  (Vatican Media)

Арцыбіскуп Галахер здзяйсняе візіт у В'етнам

З 9 па 14 красавіка 2024 года Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі здзяйсняе афіцыйны візіт у В'етнам.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Плануецца, што падчас падарожжа арцыбіскуп Пол Рычард Галахер сустрэнецца з Прэм’ер-міністрам В’етнама Фам Мінь Чынем, Міністрам замежных спраў Буй Тхань Шонам, а таксама правядзе шэраг сустрэч з прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў.

Акрамя таго, іерарх узначаліць Эўхарыстычнае набажэнства ў катэдральным саборы святога Юзафа ў Ханоі, а таксама наведае дзве касцёльныя правінцыі: Хюэ і Хашымін.

Падчас наведвання Хюэ арцыбіскуп Галахер сустрэнецца з семінарыстамі, а таксама правядзе Святую Імшу ў саборы Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі. У Хашыміне ватыканскі дыпламат сустрэнецца з Канферэнцыяй Біскупаў В’етнама, сядзіба якой месціцца ў гэтым горадзе, а таксама прыме ўдзел у Эўхарыстыі, якая пройдзе ў катэдральным саборы Божай Маці.

У апошні час быў дасягнуты значны прагрэс у адносінах паміж Святым Пасадам і ўрадам Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам. Актыўна працуе Сумесная ватыканска-в’етнамская рабочая група. У чэрвені 2010 года падчас яе пасяджэння ў Ватыкане было вырашана, што Святы Пасад прызначыць свайго пастаяннага спецыяльнага прадстаўніка па сувязях з В’етнамам, які, аднак, не пражываў у краіне. Пачынаючы з 2011 года з дазволу ўрада В'етнам наведваў апостальскі нунцый у Сінгапуры.

27 ліпеня 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Прэзідэнта В’етнама Во Ван Тхыонга. Бакі падпісалі пагадненне аб статусе Пастаяннага папскага прадстаўніка і яго рэзідэнцыі ў В'етнаме. 29 верасня 2023 Францішак скіраваў ліст да в'етнамскай каталіцкай супольнасці з нагоды заключэння гэтага пагаднення. У снежні 2023 года папскім прадстаўніком з пражываннем у Ханоі быў прызначаны апостальскі нунцый у Сінгапуры, арцыбіскуп Марэк Залеўскі.

18 студзеня 2024 года Ватыкан наведала дэлегацыя Камуністычнай партыі В’етнама. Пасля аўдыенцыі з Францішкам яна сустрэлася з Дзяржсакратаром П’етра Паралінам і арцыбіскупам Галахерам.

Падарожжа Сакратара па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі ў В’етнам – чарговы крок у двухбаковых адносінах. Плануецца, што да канца 2024 года краіну наведае і кардынал Паралін.

09 красавіка 2024, 11:59