Арцыбіскуп Кача: патрэбны зрух у падыходзе да дзяржаўнага доўгу
Марыя Валодзіна - Vatican News
Па словах арцыбіскупа Габрыэле Кача, галоўнай праблемай у галіне фінансавання дзейнасці, накіраванай на развіццё, з'яўляецца неабходнасць пераадолення вострага крызісу запазычанасці, з якім сутыкаюцца краіны на шляху развіцця. Для многіх з гэтых краін доўг ператварыўся ў непасільны цяжар, які перашкаджае іх развіццю.
“Выклікае непакой той факт, што чатыры з дзесяці чалавек у свеце жывуць у краінах, дзе ўрад выдаткоўвае больш сродкаў на выплату даўгавых працэнтаў, чым на адукацыю або ахову здароўя. Такая рэальнасць несумяшчальная з устойлівым развіццём”, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасада, дадаючы, што "для спрыяння ўсебаковаму развіццю чалавечага патэнцыяла, сацыяльнай інтэграцыі і роўнасці неабходны значны зрух у падыходзе да праблемы запазычанасці".
Спісанне і рэструктурызацыя доўгу вызваляюць краіны ад непасільнай запазычанасці, дазваляючы ім “ажыццяўляць важныя інвестыцыі ў ахову здароўя, адукацыю, стварэнне працоўных месцаў і сацыяльную абарону”, - падкрэсліў арцыбіскуп Кача.
Напрыканцы прамовы дыпламат нагадаў пра спадзяванне Францішка на тое, што "усе краіны будуць у стане задаволіць свае самыя надзённыя патрэбы шляхам скарачэння, калі не спісання, доўгу, які абцяжарвае бюджет самых бедных краін".