Пошук

Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс (другі злева) з удзельнікамі прэзентацыі дэкларацыі Dignitas infinita Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс (другі злева) з удзельнікамі прэзентацыі дэкларацыі Dignitas infinita 

Кардынал Фернандэс: Касцёл адстойвае годнасць кожнага чалавека

Дыскрымінацыя чалавека толькі з прычыны яго сексуальнай арыентацыі супярэчыць чалавечай годнасці, - адзначыў прэфект Дыкастэрыі веравучэння падчас прэзентацыі ў Ватыкане дэкларацыі Dignitas infinita.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Спасылаючыся на пераслед гомасексуальных людзей у некаторых краінах свету, кардынал Віктар Мануэль Фернандэс заявіў, што Касцёл выступае супраць крыміналізацыі гомасексуалізму. “Мяне здзіўляюць тыя католікі, якія благаслаўляюць законы супраць гомасексуалістаў”, - прызнаўся ён 8 снежня 2024 года. “Акрамя падтрымкі сужэнства паміж мужчынам і жанчынай, Касцёл перш за ўсё адстойвае годнасць кожнага чалавека, незалежна ад абставін”, - падкрэсліў прэфект.

На яго думку, пошук элітнай меншасці, “якая прымае ўсё, што кажа Касцёл па розных пытаннях”, – не варыянт Папы Францішка, “паводле якога мы павінны прымаць усіх, нават калі яны маюць іншыя погляды на сексуальнасць і сужэнства”, а таксама “на Настаўніцтва Касцёла”.

Фернандэс закрануў і пытанне благаслаўлення гомасексуальных людзей у адпаведнасці з папярэдняй дэкларацыяй Fiduccia supplicans. Ён патлумачыў, што такога роду благаслаўленне “нічога не апраўдвае, не санкцыянуе, не ўхваляе і не асвячае”. Гэта “выключна малітва святара, якая выказвае Божую дапамогу ў жыцці” гэтых людзей. “Маральная дасканаласць не з’яўляецца патрабаваннем для атрымання такога душпастырскага благаслаўлення, якое даецца па-за літургічным кантэкстам”, - падкрэсліў іерарх.

Ён прызнаў, што хоць на практыцы ўдзяленне такога благаслаўлення можа адрознівацца ў залежнасці ад рашэнняў біскупаў, “яны павінны садзенічаць такога тыпу благаслаўлення”, якое не патрабуе тых жа ўмоў, што і літургічнае. І хоць “некаторым з духавенства гэта не падабаецца”, “Папа Францішак хацеў пашырыць нашае разуменне” благаслаўлення, і “ён мае на гэта права”.

Прэфект Дыкастэрыі веравучэння паведаміў, што дэкларацыя Fiducia supplicans мела больш за 7 мільярдаў праглядаў у інтэрнэце, і пажадаў, каб новы дакумент Dignitas infinita, па яго словах, “нашмат больш важны”, меў такі ж эфект. Каб не згубіцца, свет павінен “адкрыць для сябе велізарнае значэнне годнасці кожнага чалавека”.

Адказваючы на пытанні журналістаў, кардынал Фернандэс заявіў, што “Папа Францішак ніколі не будзе гаварыць ex cathedra”, таму што “ён не мае намеру ствараць догмат веры”. “Мы верым, што акрамя харызмы беспамылковасці існуе таксама дапамога Духа Святога, які накіроўвае і прасвятляе Касцёл”, - патлумачыў кардынал Фернандэс.
 

09 красавіка 2024, 10:06