Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер  (ANSA)

Арцыбіскуп Галахер: нельга проста назіраць за падзеямі

Пра дыпламатычныя спробы па наладжванню дыялогу паміж расійскімі ўладамі і Украінай, а таксама пра гуманітарную місію на карысць вывезеных у Расію ўкраінскіх дзяцей, распавёў Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Выступаючы 19 красавіка 2024 года на Днях права, якія праходзяць у італьянскай Пескары, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падкрэсліў, што Святы Пасад імкнецца наладзіць актыўны дыялог са светам на інстытуцыянальным узроўні, каб спрыяць інтэгральнаму развіццю чалавека. Яго характэрнай рысай з'яўляецца нейтралітэт, таму што народ, які складае Касцёл, “не мае межаў", і гэта дазваляе яму быць абаронцам першынства міру ў свеце, а ў выпадку міжнародных спрэчак спрыяць пошуку рашэнняў шляхам перамоў.

Спробы наладзіць дыялог Расіі і Украіны

Па словах ватыканскага дыпламата, з самага пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне "Святы Пасад не застаўся бяздзейным". "Да пачатку вайны Святы Пасад рабіў розныя спробы спрыяць дыялогу паміж бакамі, у павазе да міжнароднага права і тэрытарыяльнай цэласнасці”, каб захаваць канал сувязі паміж бакамі і заахвоціць іх да ўрэгулявання шляхам перамоў, - адзначыў іерарх.

Арцыбіскуп Галахер нагадаў пра асабісты візіт Папы да расійскага пасла, пра яго дыялог з Патрыярхам Кірылам, гуманітарныя місіі кардыналаў Чэрнага і Краеўскага, шматлікія публічныя звароты Святога Айца і яго заклікі да міру. Ён таксама нагадаў аб тым, што ў Кіеве застаўся апостальскі нунцый, арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас.

Гуманітарная місія кардынала Дзупі

“Гуманітарную дзейнасць на карысць непаўналетніх на тэрыторыі ўзброенага канфлікту” здзяйсняе па даручэнні Пантыфіка кардынал Матэа Дзупі. Яго місія “ажыццяўляецца ў каардынацыі не толькі з аддзелам па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі”, супрацоўнік якога суправаджае кардынала Дзупі падчас сустрэч і падарожжаў, але і з дзвюма адпаведнымі апостальскімі нунцыятурамі, якія аказваюць дапамогу ў сваіх краінах”, - падкрэсліў арцыбіскуп Галахер.

Дыпламат распавёў, што пасля перамоў кардынала Дзупі з грамадзянскімі ўладамі абедзвюх краін адбыўся абмен спісамі непаўналетніх, затым былі створаны пастаянныя рабочыя групы з удзелам нунцыятур і ініцыяваны рэгулярны абмен інфармацыяй. "Няма недахопу ў цяжкасцях", - падкрэсліў Галахер, спасылаючыся на "складанасць у прадастаўленні дакладнай інфармацыі з абодвух бакоў і ўсё яшчэ невялікую колькасць рэпатрыяцый".

“Занадта часта мы чуем, што рэальнасць складаная і што ў складаных праблем няма простых рашэнняў. Гэта праўда. Аднак гэта не павінна служыць апраўданнем для таго, каб адасобіцца ў прыватнай сферы або абмежавацца назіраннем за падзеямі”, - падсумаваў арцыбіскуп Галахер.

20 красавіка 2024, 13:36