Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Грэк: у парафіях працягвае дзейнічаць Божы Провід

Езус ідзе разам з пробашчамі і дзякуючы ім працягвае пісаць гісторыю Касцёла, адзначыў кардынал Марыё Грэк у прывітальным слове, з якім ён звярнуўся да ўдзельнікаў сустрэчы "Пробашчы на карысць Сінода".

Марыя Валодзіна - Vatican News

29 красавіка 2024 года ў Сакрафана пад Рымам распачалася сустрэча святароў з 90 краін свету. У ёй прымае ўдзел больш за 200 пробашчаў. Мерапрыемства завершыцца 2 мая сустрэчай з Францішкам.

Свой зварот да ўдзельнікаў форума Генеральны сакратар Сінода Біскупаў распачаў кароткім аглядам апошняй кнігі Чытаючы “Быццё" амерыканскай лаўрэаткі Пулітцэраўскай прэміі Мэрылін Робінсан. Аўтар прапануе свой погляд на Кнігу Быцця як на серыю сапраўдных гісторый пра чалавецтва: гісторый пакут і радасці, роспачы і надзеі, ахвяраванняў і ўзнагарод, адзіноты і провіду, смерці і жыцця. “Гэта не проста сапраўдныя гісторыі пра чалавецтва. Гэта таксама сапраўдныя гісторыі пра Бога. Божы Провід дзейнічае ў чалавечых гісторыях і дзякуючы ім”, - падкрэсліў іерарх.

На думку кардынала Грэка, удзельнікі сустрэчы пробашчаў “таксама ўяўляюць сабой зборнік гісторый”. Кожны з прысутных – гэта гісторыя даручанай яму парафіяльнай супольнасці, мясцовага Касцёла. Гэтыя гісторыі вельмі розныя, аднак іх аб’ядноўвае тое, што ўсе яны распавядаюць пра пакуты і радасці, роспач і надзею, ахвяраванне і ўзнагароду, адзіноту і провід, смерць і жыццё.

Гэтыя старажытныя гісторыі ніколі не скончацца, таму што Бог усё яшчэ піша сваю гісторыю. У пэўнай ступені Яго гісторыя ўсё яшчэ не завершана. “Божы Провід працягвае дзейнічаць і сёння, у нашых гісторыях, у нашых парафіях, у нашых дыяцэзіях і ў грамадстве ў цэлым”, - адзначыў іерарх, дадаючы, што нашы гісторыі – гэта чалавечыя гісторыі, у якіх прысутнічае Хрыстус, “гэта таксама гісторыі пра Бога”.

Кардынал Грэк нагадаў пра "пастаянную адкрытасць Езуса да шырокай аўдыторыі, якую Евангелле называе натоўпам”. “Гэта адносіцца і да вас, дарагія пробашчы. Пробашч – гэта чалавек з народа і для народа. Падобна Езусу, ён адкрыты да натоўпу, каб дапамагчы кожнаму зразумець, “што ён – ліст Хрыстовы(...) Ліст, напісаны не чарніламі, але Духам жывога Бога” (2 Кар 3, 3).

“Часта бывае цяжка зразумець, якім чынам нашы гісторыі могуць быць гісторыямі пра Бога. Нашы парафіі, верагодна, далёкія ад ідэалу. Нашы гісторыі далёкія ад дасканаласці. (...) Часам неабходна, каб іншыя людзі дапамаглі нам убачыць прысутнасць Бога ў нашых гісторыях”, - заўважыў іерарх, дадаючы што менавіта гэтаму і будзе прысвечана сустрэча.

“Вы сабраліся тут не для таго, каб атрымаць нейкае вучэнне або тлумачэнне сінадальнасці. Мы не будзем вас вучыць. Вы сабраліся тут, каб распавесці нам сваю гісторыю, таму што гісторыя кожнага з вас важная. Мы хочам пачуць вашыя гісторыі, мы хочам даведацца, як Езус працягвае дзейнічаць сёння. Магчыма, гэта не ідэальныя гісторыі, але яны рэальныя, не выдумка. Гэта самае важнае”, - сказаў кардынал Грэк.

30 красавіка 2024, 12:37