Пошук

Удзельнікі Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне. Архіўнае фота Удзельнікі Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне. Архіўнае фота  (JOAOLC \ GMG Lisboa 2023 / João Lopes Cardoso)

Кардынал Мэндонса: СДМ далі шмат плёнаў надзеі і любові Касцёлу

Сусветныя дні моладзі прынеслі шмат плёнаў надзеі і любові, маладосці і вясны ў сэрца Касцёла, - заўважыў кардынал Жазэ Таленціна дэ Мэндонса, прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

13-14 красавіка 2024 года ў Рыме адбыліся святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 40-й гадавіны міжнароднай сустрэчы, скліканай святым Янам Паўла ІІ, якая дала пачатак Сусветным дням моладзі – буйнейшаму форуму маладых католікаў, які праводзіцца на міжнародным узроўні кожныя чатыры гады, збіраючы мільёны вернікаў. Гістарычны сход праходзіў на плошчы святога Пятра 14 красавіка 1984 года з удзелам 300 тысяч юнакоў і дзяўчат з усяго свету.

Юбілей святкаваўся пад патранажам Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця і моладзевага Фонда Яна Паўла II. Адным з элементаў праграмы ўрачыстасцей стала працэсія ад галоўнай ватыканскай плошчы да рымскага моладзевага Цэнтра святога Лаўрэнція, у якім захоўваюцца сімвалы СДМ. Пасля яе моладзь прыняла ўдзел у святой Імшы, якую цэлебраваў кардынал Жасэ Таленціна дэ Мэндонса.

У гаміліі іерарх нагадаў, што СДМ прынеслі шмат духоўных плёнаў Касцёлу. Дзякуючы гэтай ініцыятыве моладзь мела магчымасць спазнаць радасць быцця вернікамі і досвед агульначалавечага братэрства, а таксама маліцца, плакаць, весяліцца разам – перажыць сустрэчу з Хрыстом, якая змяняе жыццё і падштурхоўвае станавіцца Яго сведкамі ў свеце.

“Хрыстус хоча, каб мы не былі проста гледачамі. Ён хоча, каб мы былі сведкамі. А сведка, гэта той, хто кажа: “Я бачыў сваімі вачыма, я чуў сваімі вушамі, я дакранаўся”. Гэта робіць нас місійным Касцёлам, Касцёлам, які вырушае ў дарогу”, - дадаў кардынал.

Ватыканскі прэфект нагадаў словы Папы Францішка, адрасаваныя моладзі: “Не стойце на балконе, назіраючы за тым, як гісторыя праходзіць міма вас, але будзьце ўсярэдзіне гісторыі, ствараючы гоман... Але не проста гоман, а Добрую навіну”.

Кардынал Мэндонса працытаваў таксама святога Яна Паўла ІІ, які казаў, што “маладыя людзі – гэта першыя евангелізатары іншых маладых людзей”. “Хрыстус разлічвае на вас, каб адкрыць новыя гарызонты. Хрыстус разлічвае на тое, што вы будзеце будаваць не культуру смерці, а культуру жыцця”, - запэўніў юнакоў і дзяўчат прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па справах адукацыі і культуры.
 

15 красавіка 2024, 10:15