Пошук

Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін  (ANSA)

Кардынал Паралін: на шляху рэформ немагчымы разварот назад

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы заўважыў, што рэформы – гэта пастаянны працэс у Касцёле, пакліканым няспынна ачышчацца і вяртацца да сваёй праўдзівай формы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

24 красавіка 2024 года кардынал П’етра Паралін прыняў удзел у прэзентацыі кнігі італьянскага ватыканіста Ін’яцыа Інграа Пяць пытанняў, якія хвалююць Касцёл (Cinque domande che agitano la Chiesa), якая выйшла ў выдавецтве San Paolo.

Адно з пытанняў, якое ўздымае аўтар на старонках выдання, гучала так: “Якім будзе лёс рэформ, распачатых Папам Францішкам?”. Кардынала Паралін заўважыў, што да яго можна “дадаць яшчэ адно, якое для некаторых гучыць як пагроза, а для іншы – як ілюзія: ці ёсць рызыка развароту назад?”.

“Спрабуючы даць адказ”, іерарх працытаваў словы з Паслання святога Якуба: “Цярплівымі будзьце, браты, ажно да прыйсця Пана. Вось земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі і дзеля яго доўга церпіць, пакуль не атрымае плод, ранні і позні” (5,7).

“Праніклівасць, якая не з’яўляецца проста інтуіцыяй, а плёнам пастаяннай малітвы ў Духу, у свой час укажа тым, хто здольны быць цярплівым, як ісці далей і што зрабіць інстытуцыйным”, - сцвердзіў бліжэйшы супрацоўнік Папы. На яго думку, “менавіта таму, што гаворка ідзе пра дзейнасць Духа, не можа быць зваротнага шляху”.

Дзяржсакратар нагадаў таксама лацінскі выраз Ecclesia semper reformanda, падкрэсліваючы, што “Касцёл заўсёды павінен вяртацца да ўласнай формы”, бо, як сцвярджае дагматычная канстытуцыя Lumen Gentium, у той час як Хрыстус “не ведаў граху”, Касцёл, “які абхоплівае ў сваім улонні грэшнікаў”, заўсёды “патрабуе ачышчэння і пастаянна ідзе шляхам пакаяння і аднаўлення”. Ён адзначыў, што ў цяжкасцях, якія ўзнікаюць перад Касцёлам, трэба бачыць не толькі небяспеку, але таксама магчымасці: яны з’яўляюцца “часткай мудрай педагогікі Бога, з дапамогай якой Ён вучыць нас, дазваляе пасталець і развівацца”.
 

25 красавіка 2024, 12:07