Пошук

Крысціна Кюнбаўм-Шміт з Папам Францішкам Крысціна Кюнбаўм-Шміт з Папам Францішкам 

Лютэранская епіскап сустрэлася з Папам у Ватыкане

Старшыня нямецкага нацыянальнага камітэта Сусветнай лютэранскай федэрацыі гаварыла з Францішкам аб абароне навакольнага асяроддзя і экуменізме.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Крыстына Кюнбаум-Шміт скарысталася кароткім абменам думкамі ў кулуарах агульнай аўдыенцыі на плошчы святога Пятра, каб перадаць Папу прывітанне ад Лютэранскай Царквы Германіі. Яна таксама выказала падзяку Францішку за яго "важную і пастаянную прыхільнасць да цэласнасці стварэння і кліматычнай справядлівасці".

На нядаўняй экуменічнай сустрэчы ў Асізі абмяркоўвалася ідэя афіцыйнага ўключэння Свята стварэння ў літургічны каляндар усіх хрысціянскіх Цэркваў. Таму епіскап Шверына ўзняла гэта пытанне перад Пантыфікам. Яна лічыць такі крок "выдатнай магчымасцю для далейшага паглыблення тэалогіі і духоўнасці стварэння".

Лютэранская епіскап таксама правяла размову з кардыналам Куртам Кохам, прэфектам Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству. Адной з тэм стала 500-годдзе Аўгсбургскага веравызнання (Confessio Augustana) у 2030 годзе. На сустрэчы абмяркоўваўся і бягучы стан лютэранска-каталіцкіх адносін.

Гэта быў першы візіт Кюнбаум-Шміт у Рым на пасадзе старшыні, якую яна займае са снежня 2023 года. Нямецкі нацыянальны камітэт Сусветнай лютэранскай федэрацыі прадстаўляе адзінаццаць супольнасцей.
 

18 красавіка 2024, 11:48