Нунцый ва Украіне ўзначаліў велікодныя ўрачыстасці ў Запарожжы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас прызнаўся ў інтэрв’ю Святлане Духовіч з Vatican News, што вырашыў адправіцца ў прыфрантавы горад, каб маліцца разам з людзьмі, якія перажываюць найбольшыя цяжкасці і ва ўсім спадзяюцца на Бога. “Я ведаю таксама, што католікам гэтых тэрыторый вельмі важна, каб нехта быў з імі”, - сказаў прадстаўнік Святога Айца, дадаючы, што рашэнне было важным і для яго асабіста.
Папскі дыпламат заўважыў, што паездка на ўсход Украіны стала для яго магчымасцю на ўласныя вочы ўбачыць патрэбы насельніцтва і пазнаёміцца з размеркаваннем дапамогі, якую аказваюць каталіцкія дабрачынныя арганізацыі, у тым ліку той, якую Пантыфік адпраўляе праз пасрэдніцтва Апостальскай элемазінарыі.
Нунцый заўважыў, што з прычыны блізкасці фронту ў Запарожжа, Харкаў і Херсон дастаўляецца менш гуманітарных грузаў, чым у іншыя рэгіёны Украіны, таму мясцовае насельніцтва вымушана жыць у вялікай нястачы, якая няспынна павялічваецца. “Колькасць людзей, якія патрабуюць дапамогі, пастаянна расце”, - дадаў ён.
Па словах арцыбіскупа Кульбокаса, Пасха мае асаблівае значэнне для людзей на прыфрантавых тэрыторыях, бо тут існуе большая рызыка трапіць у адчай ці зламацца псіхалагічна з прычыны жорсткасці і нямалай колькасці цяжкасцей, якія акружаюць іх. Іерарх прызнаўся, што вялікае ўражанне на яго зрабіла Літургія святла на пачатку цэлебрацыі Пасхальнай вігіліі: цемра святыні, у якой пачыналася Імша сімвалізавала вайну, а святло пасхала – Езуса, якія ззяе і пастаянна знаходзіцца сярод нас, будучы надзеяй, у той час, калі іншай надзеі няма.
Каментуючы заклік Папы да поўнага абмену ваеннапалоннымі, скіраваны падчас звароту Urbi et Orbi, нунцый заўважыў, што гэта не проста словы, а важны заклік, які тычыцца тысяч людскіх жыццяў і сведчыць пра блізкасць Святога Айца да тых, хто найбольш пакутуе: палонных, параненых, тых, хто губляе жыццё на гэтай жахлівай вайне.
Арцыбіскуп Кульбокас адзначыў што ва Украіне мае магчымасць адведваць расійскіх ваеннапалонных, у той час як Апостальскі нунцый у Расійскай Федэрацыі ці нехта з прадстаўнікоў Касцёла не могуць адведаць палонных украінцаў, у тым ліку двух грэка-каталіцкіх святароў з Бярдзянску, якія ўтрымліваюцца ў няволі.
“Для мяне гэта вельмі цяжкі цяжар: ведаць, што людзі знаходзяцца ў такіх цяжкіх умовах, і памятаць таксама пра запаведзь Езуса – адведай брата, які ў турме – выканаць якую проста немагчыма. Акрамя таго, у якіх умовах яны знаходзяцца? Многія былыя вязні пасля абмену казалі мне, што самае цяжкае – гэта страціць спадзяванне, страціць надзею, страціць веру. Ведаю, што вера – амаль адзінае, што ў іх засталося, і хацелася б проста дакрануцца да гэтай веры, падтрымаць яе, бо інакш іх пакуты застаюцца жахлівымі”, - сказаў дыпламатычны прадстаўнік Папы ва Украіне.