Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©Minerva Studio - stock.adobe.com)

Папская акадэмія абмяркоўвае пытанні інваліднасці і інклюзіўнасці

9-11 красавіка 2024 года ў Ватыкане праходзіць пленарная асамблея Папскай акадэміі сацыяльных навук на тэму інклюзіўнасці і ўдзелу ў грамадскім жыцці людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Тэма пасяджэння: Змяніць сацыяльныя дэтэрмінанты і стварыць новую культуру інклюзіўнасці.

Як адзначыла старшыня акадэміі сястра Хэлен Элфард: "Упершыню з моманту заснавання ў 1994 годзе Папская акадэмія сацыяльных навук прысвяціла пленарнае пасяджэнне асобам з абмежаванымі магчымасцямі. Дарэчна, што ў 30-ю гадавіну Акадэміі мы звярнулі ўвагу на гэтую важную групу, якую часам называюць трэцяй краінай у свеце: колькасць людзей з інваліднасцю набліжаецца па колькасці да насельніцтва Індыі і Кітая. Яны таксама з'яўляюцца ключавой групай у пантыфікаце Папы Францішка, які жадае, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі перайшлі ад стану схаваных выгнаннікаў да актыўных удзельнікаў грамадства. Пленарнае пасяджэнне Акадэміі – гэта ўклад у тое, каб зрабіць гэта магчымым".

"Гістарычна склалася так, што грамадства па-рознаму ўспрымала людзей з абмежаванымі магчымасцямі, што часта прыводзіла да іх выключэння і маргіналізацыі. Нягледзячы на прагрэс, многія людзі з абмежаванымі магчымасцямі па-ранейшаму сутыкаюцца са значнымі перашкодамі на шляху да поўнай сацыяльнай інтэграцыі. Пленарнае пасяджэнне мае на мэце разгледзець складаны досвед людзей з абмежаванымі магчымасцямі і спрыяць трансфармацыйным зменам у сацыяльных нормах і палітыцы ў напрамку інклюзіўнасці і справядлівасці”, – гаворыцца ў паведамленні Папскай акадэміі сацыяльных навук.

На думку кардынала Пітэра Тарксана, канцлера Папскіх акадэмій навук і сацыяльных навук, неабходна не толькі аказваць сацыяльную дапамогу, але і прыцягваць людзей з абмежаванымі магчымасцямі да актыўнага ўдзелу ў грамадзянскім і касцёльным жыцці. "Гэта патрабавальны і нават знясільваючы шлях, які ўсё больш і больш будзе спрыяць фармаванню свядомасці, здольнай прызнаць у кожным чалавеку ўнікальную і непаўторную асобу”, - зазначыў ён, нагадваючы пра канчатковую мэту шляху, па якому заклікае ісці Святы Айцец: ад людзей з інваліднасцю, якія маюць патрэбу ў доглядзе, да людзей і грамадзян, цалкам інтэграваных у сацыяльнае, культурнае і палітычнае жыццё хрысціянскіх краін і супольнасцей.

Сярод удзельнікаў пасяджэння – шмат навукоўцаў: Шэйла Холінз, прафесар псіхіятрыі Універсітэта святога Георгія ў Лондане, Мацільдэ Леанардзі, кіраўнік аддзялення неўралогіі і даследчага цэнтра комы неўралагічнага інстытута Карла Беста ў Мілане, Том Шэкспір, прафесар Універсітэта Усходняй Англіі. Падчас асамблеі два прафесара, Джозеф Стыгліц і Стэфана Заманьі, атрымаюць тытул ганаровых акадэмікаў.

10 красавіка 2024, 13:54