Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©Lewis Tse Pui Lung - stock.adobe.com)

Святы Пасад у ААН: самы каштоўны рэсурс любой нацыі – гэта людзі

Ключом да ўстойлівага развіцця з’яўляецца рэалізацыя патэнцыялу кожнага чалавека, а не кантроль за нараджальнасцю, нагадаў арцыбіскуп Габрыэле Кача ў 30-ю гадавіну Міжнароднай канферэнцыі па народанасельніцтву і развіццю, якую адзначылі ў Нью-Ёрку 29 красавіка 2024 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Трыццаць гадоў таму Міжнародная канферэнцыя па народанасельніцтву і развіццю прызнала выключную важнасць забеспячэння дабрабыту асобных людзей і сем'яў. Праграма дзеянняў, прынятая на Каірскай канферэнцыі, не згубіла актуальнасць і сёння. Святы Пасад працягвае прытрымлівацца таго прынцыпу, што ў цэнтры ўвагі ўстойлівага развіцця павінен стаяць чалавек, адзначыў арцыбіскуп Кача.

Нягледзячы на значныя поспехі ў галіне развіцця, захоўваюцца шматлікія праблемы, асабліва ў справе выкаранення галечы. “Многія спрабуюць прадставіць праблему народанасельніцтва як праблему, якая патрабуе рашэння. Гэта ясна відаць па прапагандзе абортаў пад прыкрыццём паліткарэктных фармулёвак”, - зазначыў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН. Ён папярэдзіў, што “гэта вядзе да падрыву павагі да недатыкальнасці чалавечага жыцця і неад'емнай годнасці чалавечай асобы”.

Праграма дзеянняў Міжнароднай канферэнцыі па народанасельніцтву і развіццю пацвярджае, што людзі з'яўляюцца "самым важным і каштоўным рэсурсам любой нацыі". “Важна адмовіцца ад ідэі аб тым, што кантроль за нараджальнасцю з'яўляецца ключом да ўстойлівага развіцця. Замест гэтага неабходна гарантаваць кожнаму даросламу і дзіцяці магчымасць цалкам рэалізаваць свой патэнцыял”, - падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасада.

30 красавіка 2024, 10:22