У Рыме адзначаць гадавіну моладзевага сходу, які лёг у аснову СДМ
Марыя Валодзіна - Vatican News
У 1983-1984 гадах у Рыме праходзіў Святы год Адкуплення, абвешчаны Янам Паўлам II з нагоды 1950-й гадавіны Ўваскрасення Хрыста. Яго праграма ўключала ў сябе Міжнародны юбілей моладзі, які выпаў на Пальмовую нядзелю. 14 красавіка 1984 года 300 тысяч хлопцаў і дзяўчат з усяго свету з'ехаліся ў Вечны горад на першы моладзевы сход. Іх гасцінна прынялі каля 6 тысяч рымскіх сем'яў.
У канцы юбілейных урачыстасцей Ян Павел II даручыў моладзі драўляны крыж, які сімвалізуе любоў Езуса да чалавецтва і абвяшчае, што толькі ў Хрысце, памерлым і ўваскрослым, ёсць збаўленне і адкупленне. З тых часоў моладзевы крыж стаў сімвалам Сусветных дзён моладзі. З 2003 года да яго далучылася ікона Божай Маці Salus Populi Romani – таксама дар Яна Паўла II. Гэтыя два сімвалы заўсёды прысутнічаюць на Сусветных днях моладзі, якія праходзяць па ўсім свеце, а ў прамежках часу паміж імі захоўваюцца ў Міжнародным моладзевым цэнтры святога Лаўрэнція ў Рыме.
З нагоды гадавіны сходу, у Рыме пройдуць двухдзённыя святочныя мерапрыемствы пад патранажам Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця і моладзевага Фонда Яна Паўла II. 13 красавіка 2024 года працэсія з драўляным крыжам пройдзе ад плошчы святога Пятра да Цэнтра святога Лаўрэнція. Затым адбудзецца Святая Імша, якую ўзначаліць прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі, кардынал Хасэ Таленціна дэ Мендонса. Першы дзень святкаванняў завершыцца малітоўным чуваннем і адарацыяй Крыжа. 14 красавіка Імшу ў Моладзевым цэнтры ўзначаліць кардынал Лазарус Ю Хын-Сік, прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства. Пасля гэтага прагучаць успаміны і сведчанні. Мэта мерапрыемства – стварыць сімвалічны мост паміж Сусветнымі днямі моладзі, якія прайшлі ў Лісабоне ў 2023 годзе, і наступнай сустрэчай каталіцкай моладзі, якая адбудзецца ў Сеуле ў 2027 годзе.