Ватыкан: 150-годдзе з дня нараджэння Гульельма Марконі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У суботу, 27 красавіка 2024 года, у Палацы Марконі (Palazzina Marconi) у Ватыканскіх садах адбудзецца цырымонія ўшанавання памяці піянера радыёвяшчання з актыўным удзелам яго дачкі, цяпер 94-гадовай княгіні Элетры Марконі Джаванэлі.
Запланаваны паказ дакументальнага фільма Марконі ў Ватыкане. Акрамя таго, пасля рэканструкцыі будзе здадзены ў эксплуатацыю і сам будынак палаца, дзе ў 1995 годзе стварылі Гісторыка-тэхнічны музей Ватыканскага радыё.
12 лютага 1931 года Пій ХІ стаў першым Пантыфікам, які сеў перад радыёмікрафонам і, пасля аб’явы, якую зрабіў асабіста Марконі, скіраваў прамову на лацінскай мове. Менавіта ён даверыў Марконі запусціць папскую радыёстанцыю.
Італьянскі фізік і вынаходнік маркіз Гульельма Марконі (1874-1937) быў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па фізіцы ў 1909 годзе за ўклад у развіццё бесправадной тэлеграфіі і адным з піянераў радыё- і электроннай прамысловасці.