Пошук

Кардынал Джанфранка Равазі Кардынал Джанфранка Равазі 

Юбілей: гісторыя і біблійныя карані

Пра гісторыю і карані хрысціянскага Юбілею распавёў на старонках L’Osservatore Romano кардынал Джанфранка Равазі. Ён прасачыў біблійныя вытокі Юбілею ад Старога Запавету да Евангелля.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Юбілей распачынаўся ў Іерусаліме з гуку рога, рэха якога разносілася па ўсяму наваколлю. Адбывалася гэта ў дзясяты дзень восеньскага месяца тышрэй, які прыкладна адпавядае верасню-кастрычніку. Тады ж у іўдаізме адзначаецца і Ём-Кіпур, дзень адкуплення, пакаяння і адпушчэння грахоў.

У габрэйскім тэксце Старога Запавету слова jobel сустракаецца 27 разоў: 6 разоў няма ніякага сумневу ў тым, што яно азначае рог барана, у той час як у астатніх 21 яно азначае юбілейны год. Старажытнагрэчаская версія Бібліі пераклала jobel словам áphesis, што па-грэчаску значыць вызваленне ці прабачэнне. Гэтае слова выкарыстоўваецца і ў Новым Запавеце, у Евангеллі ад Лукі. Такім чынам, старажытныя перакладчыкі Бібліі перайшлі ад рытуальнага, сакральнага святкавання юбілейнага года, якое пачынаецца з гуку рога ва ўрачыстасць Ём-Кіпур, да этычнай, маральнай, экзістэнцыяльнай канцэпцыі прабачэння даўгоў, адкуплення грахоў і вызвалення рабоў. Тэма юбілею была перанесена з рытуальнай сферы ў этычна-сацыяльную. Гэта актуальна і сёння, для таго каб не зводзіць хрысціянскі Юбілей толькі да абраду, рытуалу, а ператварыць яго ў парадыгму хрысціянскага жыцця, у нешта такое, што глыбока ўплывае на чалавека.

Пасля такой філалагічный прадмовы, кардынал Равазі перайшоў да ілюстрацыі асноўных юбілейных тэм і паняццяў.

Адпачынак зямлі

Першая юбілейная тэма – гэта адпачынак зямлі. У біблійнай традыцыі час вымяраўся па мадэлі шабата, згодна з якой зямля адпачывала кожныя сем гадоў. Яна павінна была адпачываць таксама і ў юбілейны год, які ішоў за сямю тыднямі гадоў, гэта значыць у пяцідзясяты год.

Даць зямлі адпачыць – значыць не сеяць і не збіраць ураджай. Гэта нагадвала аб першынстве, аб трансцэндэнтным, аб тым, што прыродныя цыклы залежаць не толькі ад працы чалавека, але і ад Творцы.

З іншага боку, гэта дазваляла пераадолець прыватную і племянную ўласнасць, таму што кожны мог узяць з зямлі тое, што яна прапаноўвала. Гэтая тэма набывае вялікае значэнне і ў сучасным грамадстве, якое можна ўявіць як накрыты стол, за якім некаторыя народы, з аднаго боку, жывуць у дастатку і раскошы, а астатнія народы атрымліваць крошкі. У гэтым святле разважае і Папа Францішак у энцыкліцы Laudato si' .

Пагашэнне даўгоў і вяртанне зямель

Другая юбілейная тэма – гэта прабачэнне даўгоў і рэстытуцыя, або вяртанне, адчужаных і прададзеных зямель. У біблейскім светапоглядзе зямлёй валодалі не асобныя людзі, а калені Ізраілевы (кланы, плямёны і сямейства). Землі былі размеркаваныя падчас знакамітага падзелу зямлі Ханаанскай. У юбілей, гэта значыць кожныя паўстагоддзя, карта зямлі Запаветнай аднаўлялася, нагадваючы пра волю Бога. Сваю долю атрымлівалі ўсе плямёны, за выключэннем левітаў, якія служылі ў Храме і жылі на ахвяраванні.

Тое ж самае адбывалася і з даўгамі. На пачатку юбілейнага перыяду ўсе мелі аднолькавую маёмасць. Аднак за 50 гадоў некаторыя страчвалі яе з-за няшчасцяў, недзеяздольнасці або ляноты. Таму было вырашана на юбілей вяртацца да зыходнай кропкі: усё станавілася супольным і зноў размяркоўвалася паміж плямёнамі. Кожная сям'я зноў атрымлівала сваю маёмасць, зямлю і дзяцей.

Такая сацыяльная мадэль выкарыстоўвалася потым і ў хрысціянскай супольнасці Іерусаліма, у якой, як неаднаразова нагадвае евангеліст Лука ў Дзеях апосталаў, “ніхто не называў сваім нічога з маёмасці сваёй, але ўсё ў іх было супольнае" (4, 32).

Вызваленне рабоў

Нарэшце, Юбілейны год быў годам не толькі адпушчэння даўгоў, але і вызвалення рабоў. Тыя, хто пайшоў у рабства з-за галечы, вярталіся дамоў з пагашанымі даўгамі, зямлёй і свабодай.

Гэта тэма захавала актуальнасць і ў наш час, пазначаны вялікай колькасцю формаў рабства: наркаманія, прастытуцыя, гандаль людзьмі, працоўная або сексуальная эксплуатацыя непаўналетніх, дзіцячая парнаграфія і многія іншыя жорсткія формы рабства.

Акрамя таго, цэлыя народы фактычна з'яўляюцца рабамі звышдзяржаў, таму што іх доўг не дазваляе ім самім вырашаць свой лёс. Сапраўднай формай эканамічнай тыраніі, якая прыгнятае нацыі і грамадства, з'яўляецца і дзейнасць некаторых транснацыянальных карпарацый.

Юбілей свабоды, вызвалення ад рабства, заклікае таксама да вызвалення ад унутранага рабства. Можна быць вонкава свабодным, але ўнутрана заняволеным нябачнымі ланцугамі, такімі як, напрыклад, абумоўленне сродкамі масавай камунікацыі, павярхоўнасць, вульгарнасць, залежнасці ад інфасферы.

Юбілей Езуса

Паводле Евангелля ад Лукі, пачынаючы сваё вучэнне, Хрыстус увайшоў у сінагогу ў Назарэце і прачытаў тэкст прарока Ісаі, які абвяшчаў юбілей: "Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, каб абвясціць год ласкі Пана” (Лк, 4, 18-19).

Такім чынам, Святы год становіцца парадыгмай жыцця хрысціяніна. "Год ласкі Пана", Яго збаўлення, уключае ў сябе чатыры асноўныя жэсты. Па-першае, гэта евангелізацыя бедных: добрая вестка аб тым, што Валадарства Божае для бедных, апошніх, для тых, хто не валодае палітычнай і эканамічнай уладай, але мае сэрца, адкрытае для веры. Юбілей закліканы вярнуць у цэнтр Касцёла пакорных, бедных, няшчасных, тых, хто залежыць ад Бога і братоў.

Другі юбілейны жэст – свабода, вызваленне. Езус спасылаецца на вызваленне зняволеных не толькі ў прамым, але і ў метафарычным сэнсе. Потым Ён паўторыць гэтыя словы ў прамове аб апошніх часах: “Я быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне” (Мц, 25, 36).

Трэці жэст – вярнуць "зрок сляпым". Езус часта здзяйсняе яго падчас свайго зямнога існавання. Паводле Старога Запавету і іудзейскай традыцыі, гэта было знакам прышэсця Месіі. Цемра, якая агортвае сляпога, гэта не толькі пакуты, але і сімвал. Існуе ўнутраная слепата, няздольнасць бачыць глыбока, няздольнасць бачыць вачыма сэрца і душы. Яна ахоплівае многіх людзей, чые душы патрабуюць святла.

Нарэшце, чацвёрты і апошні юбілейны жэст – вызваленне ад прыгнёту, ад рабства, ад усіх пакут і зла, якія прыгнятаюць цела і дух. Усё грамадскае служэнне Хрыста сведчыць пра гэта вызваленне.

Такім чынам, гэтая духоўная, маральная, экзістэнцыяльная тэтралогія, гэтыя чатыры жэсты, з'яўляюцца ідэальным зместам сапраўднага хрысціянскага Юбілею, лічыць кардынал Равазі.

21 красавіка 2024, 09:33