Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

З навінамі Ватыкана цяпер можна знаёміцца на 53-х мовах

З 2 красавіка 2024 года мільёны жыхароў Індыі атрымаюць магчымасць чытаць навіны Папы і Касцёла на сваёй роднай мове. 53-й мовай ватыканскіх СМІ стала канада.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Канада – адна з афіцыйных моў Індыі. На ёй размаўляюць мільёны індыйцаў у цэнтральнай і паўднёвай частках краіны, галоўным чынам у штаце Карнатака.

Новая мова з’явілася на старонках партала Vatican News у выніку супрацоўніцтва Дыкастэрыі па камунікацыі і архідыяцэзіі Бангалора.

Арцыбіскуп Бангалора Пітэр Мачада ўпэўнены, што "навіны пра Папу, Ватыкан, Паўсюдны Касцёл і свет выклікаюць вялікую цікавасць і будуць мець важнае значэнне для мясцовага Касцёла ў штаце Карнатака”. “Я ўдзячны Святому Айцу за яго пастаянную ўвагу да сінадальнасці і перыферый свету. Вернікам, несумненна, будзе карысна азнаёміцца з артыкуламі, а пазней, калі гэта будзе магчыма, з іх трансляцыямі ў аўдыё- і відэафармаце", - лічыць іерарх.

"Да моў, на якіх размаўляе Vatican News, дадалася новая. Мова старажытная, але вельмі жывая. Жывая, як каталіцкая супольнасць, якая дапамагае нам у гэтым маленькім, але важным пачынанні: звяртацца да 35 мільёнаў індыйцаў на іх мове. Гэта даніна павагі да іх культуры і спосаб весці сапраўдную камунікацыю, ісці разам, крок за крокам. Вядома, гэта патрабуе намаганняў. Але, як кажа індыйская прыказка, намаганні заўсёды акупляюцца, - падкрэсліў прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні.

"Рашэнне дадаць канаду да існуючых 52-х моў ватыканскіх СМІ, каб словы Папы дасягнулі мільёнаў індыйцаў на іх роднай мове, пацвярджае наша пакліканне служыць біскупу Рыма і Касцёлам, якія складаюць Паўсюдны Касцёл. У гэты гістарычны момант, які характарызуецца цяжкасцямі, нявызначанасцю, войнамі і насіллем, суцяшальна, што Касцёл сведчыць аб адзінстве і ўзаемадапамозе, умацоўваючы сувязі паміж Рымам і светам", - заўважыў галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада Андрэа Тарніелі.

“Подых Касцёла сапраўды дзіўны. 93 гады таму Папа Пій XI даручыў Гульельма Марконі стварыць Ватыканскае радыё, каб несці свету надзею, распаўсюджваць хрысціянскую вестку, будаваць Касцёл Хрыстовы. У 1990-х гадах хвалі папскага радыё дасягнулі В'етнама, стварыўшы там новы жывы Касцёл радыёхрысціян. Сёння новыя тэхналогіі (хвалі, спадарожнікі, Інтэрнэт) даюць нам мноства магчымасцяў несці добрую вестку ў наш зранены свет. Мова канада – яшчэ адзін прыклад жыццястойкасці і братэрства, і мы будзем працягваць пракладваць гэтыя шляхі ў духу адказнасці і адзінства", - падкрэсліў адказны рэдактар Ватыканскага радыё - Vatican News Масіміліяна Мэнікэці.

02 красавіка 2024, 10:45