Арцыбіскуп Галахер: маліцца за народы, якія пакутуюць ад канфліктаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
28 мая 2024 года, напярэдадні свайго візіту ў Харватыю, Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі ўзначаліў у Рыме ўрачыстую Эўхарыстыю з нагоды Дня дзяржаўнасці Рэспублікі Харватыя.
У сваёй гаміліі іерарх заклікаў вернікаў дзякаваць Богу "за дар свабоды і міру” для Харватыі, нагадаўшы пра скліканне 30 мая 1990 года першага дэмакратычнага шматпартыйнага парламента.
Арцыбіскуп заклікаў "маліцца аб дары міру" ўсім краінам, якія пацярпелі ад войнаў і канфліктаў, падкрэсліўшы, што для вернікаў "імкненне да міру" з'яўляецца святым абавязкам, а не проста плёнам шчодрай ініцыятывы людзей добрай волі, аб чым казаў Ян Павел II падчас свайго першага апостальскага падарожжа ў Харватыю ў верасні 1994 года.
Быць паслядоўнікамі Езуса значыць сутыкацца з цяжкасцямі, ганеннямі, праблемамі, якія "дапамагаюць нам расці, калі мы зможам прыняць іх як магчымасць здабыць вялікую сталасць і свядомую адказнасць, і, нягледзячы ні на што, будзем шчаслівыя”, - сказаў у сваёй гаміліі арцыбіскуп Галахер. Ён патлумачыў, што збаўленне "прадугледжвае наша асабістае абавязацельства", але "заўсёды ў канчатковым выніку з'яўляецца дарам Божай ласкі". Усявышні "адзіны, хто можа выратаваць нас і змяніць сэрца чалавека, даючы яму ўнутраную і знешнюю свабоду ад матэрыяльных выгод і іншых ілжывых чалавечых спадзяванняў, каб ён абапіраўся толькі на Яго".
Каментуючы евангельскі ўрывак пра Езуса, які казаў, што той, “хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці айцоў, ці маці, ці дзяцей, ці землі” дзеля Яго, здабудзе ў сто разоў больш і атрымае ў спадчыну жыццё вечнае, арцыбіскуп Галахер растлумачыў, што Езус не заклікае нас пагарджаць сваімі блізкімі, але "натуральная сям'я – гэта дробязь у параўнанні з вялікай супольнасцю вернікаў, у якой усе адчуваюць любоў усіх.”
Іерарх нагадаў словы Францішка аб тым, што вучні Езуса, а таксама сучасныя святыя, напрыклад, чыліец Альберта Уртада, у разгар выпрабаванняў і нягод “мелі радасны твар, вясёлыя вочы і радасць у сэрцы".
Завяршаючы сваё разважанне, арцыбіскуп Галахер даверыў Харватыю, "чые кантакты са Святым Пасадам ніколі не слабелі, нягледзячы на шматлікія бітвы на працягу гісторыі", заступніцтву Маці Божай Каменнай брамы, святога Юзафа, апекуна Харватыі, і блажэннага кардынала Алаізія Стэпінаца.