Дыкастэрыя па евангелізацыі: турысты могуць стаць міратворцамі
Марыя Валодзіна - Vatican News
У пасланні, якое падпісаў арцыбіскуп Рына Фізікела, падкрэсліваецца важная роля культурнага абмену і турызму ва ўмацаванні міру.
Прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі нагадаў пра разбуральнае ўздзеянне вайны на турызм, папярэдзіўшы, што адсутнасць турыстаў вядзе да збяднення насельніцтва, якое “губляе сродкі да існавання, неабходныя для годнага жыцця".
Арцыбіскуп Фізікела выказаў удзячнасць шматлікім святарам і свецкім, якія прысвяцілі сябе сферы турызму і пілігрымак, нягледзячы на праблемы бяспекі. Ён заклікаў іх "адкрыць новыя шляхі, захоўваючы магчымасць аднаўлення паломніцкіх маршрутаў у краіны, якія традыцыйна захоўваюць багацце нашай веры і гісторыі".
Пасланне заклікае развіваць “міжасобасныя адносіны, па якіх мы ўсе адчуваем глыбокую настальгію". У ім нагадваецца пра культуру сустрэчы, якую моцна падтрымлівае Францішак. "Цікавасць, якая рухае мільёнамі турыстаў, можна лёгка спалучаць з прыхільнасцю братэрству, стварыўшы такім чынам сетку пасланнікаў міру, якія размаўляюць з усім светам, заклікаючы да спынення войнаў і адкрыцця тэрыторый, поўных гісторыі, культуры і веры”, - напісаў арцыбіскуп Фізікела.
Іерарх адзначыў, што Юбілейны год, які пачнецца 24 снежня з адкрыцця Святых дзвярэй, мае асаблівае значэнне, паколькі прывядзе ў Рым мільёны пілігрымаў, рухомых пачуццём надзеі, якое жыве ў сэрцы кожнага.
Арцыбіскуп Фізікела падкрэсліў, што сёння, калі свет сутыкаецца з бесперапыннымі канфліктамі і выклікамі, заклік да міру гучыць актуальна як ніколі. Ён паўтарыў словы Францішка: "Ці гэта занадта шмат – марыць аб тым, каб зброя змоўкла і перастала прыносіць разбурэнні і смерць?”
Напрыканцы паслання прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі зазначыў, што "турызм і мір, аб'яднаныя надзеяй, з’яўляюцца пераканаўчым пасланнем Сусветнага дня турызму –2024 для тых, хто займаецца турызмам, і для тых, хто адпраўляецца ў падарожжа з імкненнем да спакою і гармоніі".