Пошук

Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін  (ANSA)

Дзяржсакратар: перспектыва эскалацыі сапраўды трывожная

“Трывожнай перспектывай”, якая павінна турбаваць кожнага, каму неабыякавы лёс нашага свету, назваў кардынал П’етра Паралін магчымасць прымянення заходняй зброі на расійскай тэрыторыі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы адказаў на пытанні журналістаў у кулуарах прэзентацыі кнігі На службе ў Італіі і ў Папы пра банкіра Бэрнардзіна Нагару, якая 30 мая 2024 года прайшла ў Мілане. Па яго словах, гіпотэза аб тым, каб дазволіць украінскай арміі нанесці ўдар па Расіі зброяй, пастаўленай заходнімі краінамі, з’яўляецца "сапраўды трывожнай перспектывай" і можа прывесці да "эскалацыі, якую ніхто больш не зможа кантраляваць". Кардынал Паралін адзначыў, што такая магчымасць выклікае ў ім неспакой, які адчувае "кожны чалавек, які клапоціцца пра лёс нашага свету".

Садзейнічанне вяртанню ўкраінскіх дзяцей

Святы Пасад працягвае гуманітарную місію, накіраваную на вяртанне на радзіму ўкраінскіх дзяцей. Механізм, распачаты кардыналам Матэа Дзупі, “працягваецца не вельмі хутка, але прыносіць плён". "Мы працуем над гэтымі пытаннямі, іншых кірункаў няма", - падкрэсліў кардынал Паралін.

Еўрапейскія выбары

Адказваючы на пытанні аб маючых адбыцца ў Еўрапейскім саюзе выбарах, іерарх адзначыў, што пазіцыя Касцёла "ніколі не з'яўляецца партыйнай", ён не выказваецца “ні за ні супраць таго ці іншага". Дзяржсакратар пацвердзіў важнасць "удзелу, галасавання, таму што гэта азначае рэалізацыю і ажыццяўленне дэмакратыі". У той жа час неабходна “ўлічваць каштоўнасці кандыдатаў, блізкія, падобныя да каталіцкай адчувальнасці. Думаю, гэта тыя прынцыпы, якіх мы павінны прытрымлівацца", - сказаў кардынал Паралін.

Фінансы Ватыкана

Каментуючы постаць і дзейнасць Бэрнардзіна Нагары, заснавальніка ватыканскага банка IOR, "які прасоўваў новы спосаб кіравання фінансамі Касцёла", Дзяржсакратар адзначыў якасці, якія патрабуюцца тым, хто працуе ў фінансавай сферы: "быць кампетэнтным, сумленным і празрыстым". У адказ на пытанне журналістаў пра стан ватыканскіх фінансаў, ён нагадаў, што "з боку Папы прыкладаліся вялікія намаганні, каб навесці парадак у фінансах", аднак "было таксама шмат перабольшанняў у паведамленнях аб фінансах Ватыкана, я не кажу фэйкавах навін, але, безумоўна, перабольшанняў".

"Я лічу, што праца, праведзеная Папам, можа быць карыснай і дазволіць Святому Пасаду спакойна рухацца наперад, хоць, відавочна, агульная сітуацыя не асабліва спрыяльная, асабліва ў тым, што тычыцца ахвяраванняў вернікаў". Апошнія "маюць тэндэнцыю змяншацца", як і ўсюды, "нават на дыяцэзіяльным узроўні".

Рашэнне гэтай праблемы іерарх бачыць у тым, каб "павысіць давер да Касцёла, быць надзейным і адчуваць, што ён надзейны". “Касцёл робіць шмат добрага, мы не павінны забываць пра гэта. І мець упэўненасць, што большая частка таго, што вы ахвяруеце, ідзе на карысць людзей", - сказаў кардынал Паралін.

31 мая 2024, 09:45