Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Юбілейны 2025 год: у Рыме чакаецца каля 32 мільёнаў пілігрымаў

Святы Пасад чакае ў Рыме каля 32 мільёнаў пілігрымаў у Святы 2025 год, - сказаў арцыбіскуп Рына Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыя па евангелізацыі, якому Папа даручыў арганізацыю Юбілею.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас прэс-канферэнцыі ў Рыме іерарх паведаміў, што ўжо паступілі тысячы заявак. Чакаецца 2,5 мільёна пілігрымаў з ЗША, 900 тысяч – з Германіі і шмат з Паўднёвай Амерыкі.

Святы Год – гэта сусветная пілігрымка Каталіцкага Касцёла з цэнтрам у Рыме. Ён адзначаецца рэгулярна кожныя 25 гадоў. Вернікі, якія здзейсняць пілігрымку ў Рым пасля інаўгурацыі Года, змогуць прайсці праз Святыя дзверы і пры пэўных умовах атрымаць поўны адпуст.

Арцыбіскуп Фізікела таксама падзяліўся падрабязнасцямі праграмы мерапрыемстваў Святога Года: напрыклад, Папа зробіць жэст у бок зняволеных. За апошнія тыдні Францішак наведаў ужо дзве турмы ў Італіі; наступнае наведванне турмы ў Вероне запланавана на 18 мая 2024 года. Па словах іерарха, акт міласэрнасці будзе здзейснены і для Сірыі. Там ужо 13 гадоў ідзе забытая светам вайна.

Арцыбіскуп Фізікела выказаў упэўненасць у тым, што “найважнейшая будаўнічая пляцоўка” Святога Года: рэканструкцыя тэрыторыі паміж замкам Сант-Анджэла і базілікай святога Пятра, якая павінна стаць шырокай пешаходнай зонай, будзе завершана своечасова да пачатку падзеі. Дэдлайн – 8 снежня 2024 года.

Папа Францішак мае намер узначаліць інаўгурацыю Юбілею 24 снежня 2024 года.
 

01 мая 2024, 13:31