Кардынал Мендонса: Касцёл хоча дапамагчы гуманізаваць спорт
Аляксандр Панчанка - Vatican News
6 мая 2024 года ў Ватыкане прайшла прэзентацыя трохдзённай міжнароднай канферэнцыі Уключыцца ўсім жыццём у гульню (Mettere la vita in gioco). Яна адбудзецца з 16 па 18 мая ў Рыме па ініцыятыве Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі і Пасольства Францыі пры Апостальскай Сталіцы. Удзельнікі форума паразважаюць аб ролі спорту для будавання больш братэрскага, талерантнага і роўнага грамадства.
Кардынал Мендонса, Прэфект Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі, звярнуў увагу на цесныя сувязі паміж хрысціянствам і спортам. Ён заўважыў, што Папа Францішак часта выкарыстоўвае метафары, звязаныя са спартыўнай дзейнасцю, гаворачы пра духоўнае жыццё і веру: напрыклад, ён заклікае кожны дзець раіцца з Хрыстом як з добрым трэнерам.
Ватыканскі іерарх нагадаў таксама, што алімпійскі дэвіз – Сitius, Аltius, Fortius (Хутчэй, вышэй, мацней), уведзены 100 гадоў таму на Алімпійскіх гульнях 1924 года ў Парыжы – прыдумаў французскі дамініканін Анры Дзідон, выбітны прапаведнік і тэолаг, які прапанаваў гэты слоган П’еру дэ Кубертэну, ініцыятару сучасных Алімпійскіх гульняў.
Пасол Францыі пры Святым Пасадзе, Фларанс Манжэн, у сваю чаргу, заўважыла, што алімпійскі ідэал дае надзею чалавецтву. У “актуальным кантэксце вайны”, алімпізм – акрэслены Алімпійскай хартыяй як філасофія жыцця, якая ахоплівае цела, волю і розум і праз злучэнне спорту, культуры і адукацыі мае на мэце стварэнне стылю жыцця, заснаванага на “павазе ўсеагульных фундаментальных этычных прынцыпаў” – з’яўляецца ў першую чаргу “пасланнем міру”, - зазначыла дыпламат.
Першы дзень канферэнцыі будзе прысвечаны тэме Касцёл і спорт: сваімі сведчаннямі падзеляцца знакамітыя атлеты і некаторыя душпастыры, якія раскажуць пра тое, як спорт можа служыць Евангеллю, а Евангелле – спорту. Тэма другога дня – Чалавек і спорт: гаворка будзе ісці пра спорт з пункту гледжання педагогікі, філасофіі, сацыялогіі і тэалогіі. У апошні дзень канферэнцыі эксперты паразмаўляюць пра Спорт без межаў: прадстаўнікі няўрадавых арганізацыі распавядуць пра спорт, як прыладу сацыяльнай інклюзіўнасці, асабліва для няпоўналетніх, якія знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі і якім пагражае адчужэнне і маргіналізацыя.
На завяршэнне форума на тэрыторыі рымскага Circo Massimo адбудзецца эстафета салідарнасці, у якой прыме ўдзел і лёгкаатлетычная каманда Athletica Vaticana, што складаецца з супрацоўнікаў устаноў Ватыкана і Апостальскай Сталіцы. Сродкі, сабраныя падчас гэтай ініцыятывы, будуць накіраваны на дабрачынныя праекты.