Кардынал Паралін: Афрыка патрабуе шчырых сяброў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Літургія прайшла 27 мая 2024 года ў прысутнасці шматлікіх дыпламатаў, святароў і вернікаў з афрыканскіх краін. Яна адбылася ў папскай базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ, у якой пахаваны Эмануэль Нэ Вунда – кангалезскі палітычны дзеяч XVII стагоддзя, першы афрыканскі пасол пры Апостальскай Сталіцы, які рэалізоўваў сваю місію падчас пантыфікату Папы Паўла V. Перад Імшой да іх магіл былі ўскладзены кветкавыя вянкі.
У каментары для Vatican News кардынал Паралін нагадаў, што наведаў шмат афрыканскіх краін, таму адчувае асабістую блізкасць да гэтага кантынента. На яго думку, Афрыка мае дастаткова сіл, рэсурсаў і багаццяў рознага роду, каб справіцца з праблемамі самастойна, але яна “патрабуе шчырых сяброў, якія будуць працаваць на карысць дабрабыту яе народаў, супакою, прымірэння і развіцця”.
Дзяржсакратар зазначыў, што міжнародная падтрымка неабходная, бо афрыканскія краіны знаходзяцца ў вельмі складанай сітуацыі, пазначанай, у тым ліку, жорсткімі канфліктамі, напрыклад на ўсходзе Конга. “Трэба паставіць на першае месца людзей і іх дабрабыт. Калі на першае месца ставяцца іншыя інтарэсы, напрыклад матэрыяльныя, тады безумоўна людзі прыносяцца ў ахвяру і магчымасцей для міру няма. Але калі будзе справядлівасць, доступ усіх да матэрыяльных рэсурсаў – а гэта заданне, як мясцовых уладаў, так і міжнароднай супольнасці, – тады сітуацыя зможа палепшыцца”, - сказаў ён.
Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца нагадаў пра намаганні Апостальскай Сталіцы для падтрымкі Афрыкі праз яе нунцыятуры і асабістую зацікаўленасць Папы сітуацыяй на кантыненце. “Там, дзе магчыма, мы стараемся аказаць дапамогу”, - дадаў Дзяржсакратар.
Сусветны дзень Афрыкі адзначаецца 25 мая. У гэты дзень у 1963 годзе ўрадамі афрыканскіх краін было падпісана пагадненне аб заснаванні Арганізацыі афрыканскай еднасці, што сімвалізавала заканчэнне эпохі каланіялізму і ўмацаванне адзінства краін кантынента.