Кардынал Кох: вайна стала катастрофай для экуменізму
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Перамовы паміж Украінай і Расіяй маюць сэнс толькі тады, “калі іх мэта – справядлівы мір”, - падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству 24 мая 2024 года ў інтэрв’ю нямецкаму каталіцкаму штотыднёвіку Die Tagespost. “Недастаткова весці перамовы толькі для таго, каб знайсці мір у сэнсе змаўкання зброі”, - лічыць швейцарскі іерарх.
У абодвух бакоў розныя ўяўленні аб міры, таму гэта павінен быць справядлівы мір для Украіны. Расія таксама пачала казаць пра абарончую вайну, таму што прэзідэнт Уладзімір Пуцін і патрыярх Кірыл адчуваюць сябе атакаванымі Захадам. “Гэта яшчэ больш ускладняе сітуацыю”, - сказаў кардынал. “З іншага боку, - дадаў ён, - трэба прызнаць, што цяпер на абодва бакі аказваецца ціск, каб пачаць перамовы”.
Па словах прэфекта Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, гэта вайна стала катастрофай для экуменізму: “Асаблівай трагедыяй з пачатку вайны з’яўляецца тое, што хрысціяне вядуць вайну супраць хрысціян, і нават праваслаўныя забіваюць адзін аднаго”. Гэта “вельмі дрэнная навіна для ўсяго хрысціянства” і “сумная супрацьлегласць экуменізму мучанікаў”.