Пошук

Пасяджэнне ў Папскай акадэміі навук з удзелам Святога Айца. Ілюстрацыйнае фота Пасяджэнне ў Папскай акадэміі навук з удзелам Святога Айца. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Папская акадэмія навук: форум для лепшай будучыні

“Форум, які дапаможа сфармаваць лепшую будучыню” – пад такой назвай у Папскай акадэміі навук пройдзе World Changers Summit – Саміт змяняючых свет.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Міжнарожны сімпозіўм адбудзецца ў трэці раз па ініцыятыве Інстытута перспектыўных даследаванняў і супрацоўніцтва (Іnstitute for advance studies and cooperation). Да яго ўдзельнікаў звернуцца з прывітальным словам кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы, і кардынал Пітэр Тарксан, канцлер Папскай акадэміі сацыяльных навук.

Арганізатары навуковай канферэнцыі заяўляюць, што падчас саміту будуць прадстаўлены навуковыя і тэхналагічныя адкрыцці і праекты, якія дапамогуць сфармаваць лепшую будучыню. Гаворка будзе ісці пра дыялог паміж Касцёлам і навукай, выкарыстанне ўстойлівых тэхналогій у розных сферах жыцця чалавека.

Навука і тэхналогіі, накіраваныя на дабро чалавека і свету, з’яўляюцца выключнымі саюзнікамі. “Гэта вестка, прасякнутая надзеяй, павінна дасягнуць усіх народаў, праз канкрэтыку таго, што мы прадставім на гэтым мерапрыемстве”, - падкрэсліў прафесар Габрыэле Андрыёлі, заснавальнік Інстытута перспектыўных даследаванняў і супрацоўніцтва.

“Намі рухае і кіруе глыбокая перакананасць у тым, што кожны чалавек надзелены годнасцю і таму павінен мець магчымасць пражыць сваё жыццё, выкарыстоўваючы тое, што навука, тэхналогіі і вера дазваляюць нам зрабіць сёння”, - дадаў эксперт.
 

27 мая 2024, 11:51