Пошук

Фігура Багародзіцы ў Ватыканскіх садах Фігура Багародзіцы ў Ватыканскіх садах 

Ватыканскія музеі: малітоўны марыйны тур па садах Папы

На працягу мая, прысвечанага ў Касцёле Маці Божай, Ватыканскія музеі запрашаюць на спецыяльную малітоўную прагулку, якая будзе праводзіцца кожную сераду і суботу ў Ватыканскіх садах.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Ініцыятыва пад назвай Май з Марыяй дазволіць наведвальнікам занурыцца ў прыгажосць папскіх садоў, прайшоўшы маршрутам, пракладзеным паміж рознымі статуямі і абразамі Багародзіцы. Візіт будзе спалучаны з малітвай за мір.

“У марыйны месяц мы запрашаем пілігрымаў далучацца да нас па серадах, пасля агульнай аўдыенцыі з Папам, каб скарыстацца гэтым выключным адкрыццём Ватыканскіх садоў у гонар Багародзіцы. Акрамя таго, наведвальнікі змогуць скарыстацца гэтым пілігрымковым турам раніцай у суботу, у дзень тыдня, традыцыйна прысвечаны Марыі”, - патлумачыла ў каментары для Vatican News сястра Эмануэла Эдвардс, кіраўніца Аддзела асветніцкай дзейнасці Ватыканскіх музеяў.

Законніца распавяла, што маршрут прадугледжвае спыненне каля дзесяці самых важных фігур і абразоў Маці Божай, што перагукаецца з дзясяткай Ружанца. “У гэты час, калі ў свеце так шмат напружанасці, перад кожным з марыйным абразоў мы памолімся за мір ва ўсім свеце. Варта згадаць, што ў садах знаходзіцца 27 выяў Багародзіцы, таму мы можам з поўным правам сказаць, што гэта Яе сады. Марыя – “Валадарка супакою”, таму слушна маліцца такім чынам за мір ва ўсім свеце”, - дадала сястра Эдвардс.

Марыйныя выявы, уключаныя ў тур Май з Марыяй, звязаны з пабожнасцю народаў, якія падчас вайны звярталіся да Маці Божай з просьбай аб міры. Між іншым законніца заўважыла, што перад фігурай Маці Божай Фацімскай будзе чытацца малітва, словамі якой Папа Францішак прасіў Багародзіцу паспрыяць спыненню вайны ва Украіне.

Сястра Эмануэла пераканана, што Ватыканскія сады маюць уласную духоўнасць, фармаванню якой дапамагаюць прырода, фантаны, старажытныя артэфакты, выявы і фігуры Панны Марыі і святых.

“У гэтым цудоўным месцы Папы, такія як Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI, рабілі штодзённыя прагулкі, каб адпачыць і памаліцца. Папа Францішак, ідучы за сваімі папярэднікамі, упрыгожыў сады статуяй Маці Божай Луханскай, вырабленай з пераапрацаванай сыравіны, каб нагадаць нам, што нішто не павінна губляцца, нішто не павінна адкідацца, але ўсё мае сваё значэнне ў велічнай задуме Бога. Мы можам сказаць, што Ватыканскія сады, у пэўным сэнсе, адлюстроўваюць таксама вучэнне Папаў і гэта пакідае нам важнае пасланне”, - дадала законніца.
 

02 мая 2024, 10:17