Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AMBER BRACKEN)

Святы Пасад: веды карэнных народаў важныя для ўсяго чалавецтва

Карэнныя народы маюць права на атрыманне выгады ад камерцыйнага выкарыстання рэсурсаў і ведаў, звязаных з іх культурамі, - падкрэсліў назіральнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра выступіў на Дыпламатычнай канферэнцыі Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці ААН, якая праходзіць 13-24 мая 2024 года і з’яўляецца заключным этапам перамоў адносна Дагавора аб інтэлектуальнай уласнасці, генетычных рэсурсах і традыцыйных ведах, звязаных з імі.

Папскі дыпламат заўважыў, што “на фоне вельмі трывожнай міжнароднай нестабільнасці і фрагментацыі”, паспяховае завяршэнне канферэнцыі, якая ўвянчае “дзесяцігадовыя сумесныя намаганні”, стане “пасланнем надзеі для ўсёй шматбаковай сістэмы”.

Іерарх падкрэсліў, што генетычныя рэсурсы і традыцыйныя веды цесна звязаны з культурамі карэнных народаў, але маюць важнае значэнне для ўсяго чалавецтва: вынаходніцтвы, заснаваныя на іх, могуць стаць крыніцай развіцця, садзейнічаць захаванню біяразнастайнасці і спрыяць эканамічнаму прагрэсу многіх краін і супольнасцей. Таму гэта сфера павінна добра і справядліва рэгулявацца.

Арцыбіскуп Балестрэра нагадаў, што права інтэлектуальнай уласнасці павінна быць упісана ў больш шырокі кантэкст асноўных правоў чалавека і не можа разглядацца асобна ад прынцыпу сацыяльнай справядлівасці, які прызнае ўсеагульнае прызначэнне дабротаў. Ён заўважыў, што, згодна з сацыяльным вучэннем Касцёла, інтэлектуальная ўласнасць – гэта не нешта “абсалютнае і недатыкальнае”, але інструмент, які садзейнічае агульнаму дабру чалавецтва: яе абарона павінна быць накіравана на забеспячэнне свабоды, неабходнай для існавання і развіцця асобы.

Прадстаўнік Святога Пасаду выказаў пажаданне, каб будучая дамова аб інтэлектуальнай уласнасці, генетычных рэсурсах і традыцыйных ведах, звязаных з імі, адпавядала сучасным міжнародным стандартам, магла дапаўняцца па меры з’яўлення новых адкрыццяў, гарантавала ўдзел карэнных народаў і мясцовых супольнасцей у атрыманні выгады ад камерцыйнага выкарыстання гэтых рэсурсаў і прадугледжвала іх абавязковую згоду на патэнтаванне вынаходніцтваў, створаных на аснове такіх рэсурсаў. У той жа час, патэнты не павінны станавіцца празмернай перашкодай для інавацый, падкрэсліў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.
 

14 мая 2024, 13:05