Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы Пасад да ўлад Рыма: спазненне з падрыхтоўкай да Юбілею

“У нас больш няма часу на размовы, трэба дзейнічаць канкрэтна”, - сказаў арцыбіскуп Рына Фізікела падчас рымскага пасяджэння двухбаковай Камісіі па справах Юбілею і турызму.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Па рашэнні Францішка, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі нясе адказнасць ад імя Святога Пасада за падрыхтоўку да Святога 2025 года, цесна супрацоўнічаючы з уладамі Рыма, рэгіёна Лацыа і Італіі.

За сем месяцаў да інаўгурацыі глабальнай падзеі Святы Пасад па-сапраўднаму занепакоены затрымкамі ў яе інфраструктурнай падрыхтоўцы, станам камунікацый і чысцінёй горада. Пра гэта піша Corriere della Sera.

Перш за ўсё, арцыбіскупа Фізікелу трывожыць затрымка ў працах на тэрыторыі блізкай да Ватыкана, які стане цэнтрам юбілейных мерапрыемстваў з удзелам, як чакаецца, больш за 30 мільёнаў чалавек.

Іерарх выказаў занепакоенасць тым, што на сённяшні дзень пачата рэалізацыя толькі 30 працэнтаў з 135 запланаваных інвестыцый. Ён таксама адзначыў, што найважнейшыя юбілейныя праекты ўжо стартавалі. Сярод іх работы паміж Замкам Анёла і галоўнай артэрыяй, якая вядзе ў Ватыкан. Усе транспартныя патокі будуць накіраваны пад зямлю, а на месцы ажыўленай магістралі з'явіцца праменад, які павядзе праз Віа дэла Канчыліяцыёнэ (Via della Conciliazione) прама да каланады Берніні, што сімвалізуе распасцёртыя абдымкі Хрыста.

Падчас сустрэчы з гарадскімі ўладамі іерарх звярнуў увагу на тое, што ахілесавай пятой Рыма застаецца стан камунікацый і пануючы тут бруд. Ён асабліва звярнуў увагу на пагаршэнне стану вуліц вакол плошчы святога Пятра, дзе бяздомныя разбіваюць лагеры, а смецце, своечасова не прыбранае, ляжыць тыднямі.

“Горад павінен быць чыстым і паказваць сябе з лепшага боку”, - сказаў Фізікела, заклікаючы мэра паскорыць працы. Пры гэтым ён адзначыў, што ў Ватыкане даволі спакойна ставяцца да стану падрыхтоўкі, калі гаворка ідзе аб гарантаванні бяспекі і належнай медыцынскай дапамогі паломнікам.

Мэр Рыма Раберта Гуалцьеры адзначыў, што падрыхтоўка да Юбілею ідзе поўным ходам, але з прычыны вялікага наплыву турыстаў на некаторых вуліцах каля плошчы святога Пятра ёсць праблемы, якія будуць вырашацца.

На сустрэчы таксама закраналася пытанне прыёму пілігрымаў, у прыватнасці, дзейнасць сферы харчавання, прадстаўнікі якой у апошнія тыдні ўступілі ў калектыўную спрэчку з гарадскімі ўладамі. Гаворка ідзе пра пастанова перыяду пандэміі, якая дазваляла ўладальнікам займаць гарадскую плошчу за межамі пунктаў харчавання. Адсутнасць дастатковага кантролю за апошнія два гады прывяла да самавольнага павелічэння занятай рэстаранамі тэрыторыі ў сярэднім на 35 працэнтаў. Уладальнікі не пагаджаюцца вяртацца да ранейшага парадку, пагражаючы, між іншым абвальным ростам цэн у перыяд Юбілею.

Падчас сустрэчы падкрэслівалася, што выйсце з гэтай тупіковай сітуацыі шукаецца, каб як мага лепш прыняць пілігрымаў і турыстаў і не даць ім асацыяваць Рым з шулерам.

З нагоды Святога Года ў Вечным горадзе запланавана 135 галоўных інвестыцый. Кошт усіх работ складае больш за 1,3 мільярда еўра. Фінансаванне ідзе ад дзяржавы і часткова з фондаў ЕС. Юбілей распачнецца адкрыццём Папам Святых дзвярэй у ватыканскай базіліцы 24 снежня 2024 года, закрыццё адбудзецца 6 студзеня 2026 года.
 

28 мая 2024, 11:15