Святы Пасад і Кітай – форум у папскім універсітэце
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У мерапрыемстве прыме ўдзел Дзяржсакратар Яго Святасці, кардынал П'етра Паралін. З відэапасланнем звернецца Папа Францішак. Кітайскую акадэмію сацыяльных навук прадставяць прафесары Чжэн Сяоюнь і Лю Гопэн.
Чакаецца, што на кангрэс прыедзе таксама Біскуп Шанхая Джозэф Шэн Бінь. Ён з'яўляецца старшынёй Калегіі кітайскіх каталіцкіх біскупаў, якую прызначае ўрад КНР. Яго перавод дзяржаўнымі ўладамі ў 2023 годзе на важную біскупскую кафедру ў Шанхаі быў прызнаны Святым Пасадам толькі праз некаторы час.
Тэмай мерапрыемства з’яўляецца Першы Сабор Каталіцкага Касцёла ў Кітаі, які адбыўся ў Шанхаі ў 1924 годзе. Гэта азнаменавала пералом у палітычнай арыентацыі Каталіцкага Касцёла ў Кітаі, які да таго часу быў цесна звязаны з еўрапейскімі каланіяльнымі дзяржавамі. Здаецца, што выкліканае гэтым суджэнне аб Каталіцкім Касцёле як аб замежным да сённяшняга дня працягвае ўплываць на адносіны паміж Святым Пасадам і Кітаем. 100 гадоў таму ў Шанхаі адбылася спроба стварыць у Кітаі больш лакальна арыентаваны Касцёл.
У паведамленні папскага ўніверсітэта аб кангрэсе гаворыцца, што біскупы і місіянеры ў Кітаі таго часу падкрэслівалі, што вера ў Хрыста не з'яўляецца чужароднай ні ў адной краіне свету. Яны тлумачылі, што быць хрысціянінам не азначае падпарадкоўвацца ўладзе замежнай дзяржавы і пазбягаць законаў сваёй краіны.
Такім чынам, Шанхайскі сабор быў накіраваны на садзейнічанне станаўленню Касцёла з мясцовымі святарамі і біскупамі і спрыяў адмове ад каланіяльнай спадчыны. Таму ён актуальны і сёння.
Сюды таксама ўпісваецца той факт, што ён рэкамендаваў стварэнне сінадальных структур і заснаванне каталіцкіх асацыяцый свецкіх. Сустрэча 1924 года па-ранейшаму з'яўляецца “ключавой падзеяй ва ўнікальным падарожжы Каталіцкага Касцёла ў Кітаі”.
Пасля прыходу камуністычнай партыі да ўлады ў мацерыковым Кітаі ў 1949 годзе Рыма-Каталіцкі Касцёл быў забаронены на дзесяцігоддзі. Асцярожнае збліжэнне адбылося толькі падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI (2005-2103).
Аднак паміж КНР і Святым Пасадам дагэтуль няма рэгулярных дыпламатычных адносін. Прызначэнне каталіцкіх біскупаў у Кітаі рэгулюецца сумесным пагадненнем, заключаным падчас пантыфікату Папы Францішка.