Святы Пасад: дэкрэт аб адпустах на Юбілей 2025 года
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У дакуменце згадваюцца месцы, у якіх можна будзе атрымаць адпуст, як у Рыме, які будзе цэнтрам юбілейных падзей, так і ў іншых частках свету, каб ніхто не застаўся пазбаўленым юбілейнай ласкі.
Усе вернікі, шчыра пакаяўшыся, не маючы прывязанасці да якога-кольвечы граху і кіруючыся духам любові, якія на працягу Святога года ачысцяцца праз сакрамэнт пакаяння і ўмацуюцца Святой Камуніяй, а таксама будуць маліцца згодна з інтэнцыямі Папы, са скарбніцы Касцёла змогуць атрымаць поўны адпуст, адпушчэнне і прабачэнне сваіх грахоў, які можна будзе таксама ахвяраваць за душы ў чыстцы, - гаворыцца ў дэкрэце.
Апостальская пэнітэнцыярыя паінфармавала, што зрабіць гэта можна будзе шляхам здзяйснення пілігрымкі, наведвання святых месцаў і выканання ўчынкаў міласэрнасці і пакаяння.
Пілігрымкі
Да мэт пілігрымак адносяцца чатыры вялікія папскія базілікі ў Рыме: святога Пятра ў Ватыкане, святога Яна на Латэране, Санта-Марыя-Маджорэ, святога Паўла за Мурамі; базілікі ў Святой Зямлі – Гробу Пана ў Іерусаліме, Нараджэння Пана ў Бэтлееме, Звеставання Пана ў Назарэце; а таксама катэдральныя касцёлы і іншыя касцёлы ці святыя месцы, указаныя мясцовымі біскупамі.
Адпуст можна атрымаць пабожна прыняўшы ўдзел у святой Імшы ў адным з гэтых месцаў, або ў Ліругіі гадзін (Гадзіне чытанняў, Ютрані, Нешпарах), Крыжовым шляху, Ружанцы, Акафісце, пакутным набажэнстве, якое ўключае індывідуальную споведзь.
Пабожныя візіты ў святыя месцы
Іншыя месцы для атрымання адпусту – гэта рымскія базілікі Святога Крыжа ў Іерусаліме, святога Лаўрэнція і святога Себасцьяна, санктуарый Боскай любові, касцёл святога Паўла пры Трох фантанах і катакомбы. Асаблівая ўвага звяртаецца на касцёлы Юбілейнага шляху, звязанага з краінамі-членамі Еўрапейскага саюза, і жанчынамі, нябеснымі апякункамі Еўропы і Доктарамі Касцёла.
Тут жа згадваюцца дзве францішканскія базілікі ў Асізі, марыйныя санктуарыі ў Ларэта і Пампеях, санктуарый святога Антонія ў Падуі ў Італіі, а таксама “кожная малая базіліка, катэдральны касцёл, конкатэдральны касцёл, марыйны санктуарый ці ўсякі іншы выбітны касцёл, указаны мясцовымі біскупамі”.
Падчас свайго візіту вернікам трэба будзе правесці “належны” час на эўхарыстычнай адарацыі і медытацыі, завяршаючы яго малітвай Ойча наш, любой дазволенай формай Сімвала веры і малітоўным ускліканнем да Найсвяцейшай Панны Марыі.
Тыя, хто па сур’ёзных прычынах не мае магчымасці здзейсніць пілігрымку ці наведаць святое месца, могуць атрымаць адпуст, злучыўшыся духоўна з тымі, хто гэта робіць, і прамовіўшы малітву Ойча наш, Сімвал веры і іншыя малітвы, звязаныя са Святым годам, прыносячы ў ахвяру свае пакуты і жыццёвыя цяжкасці.
Учынкі міласэрнасці і пакаяння
Дэкрэт прадугледжвае магчымасць атрымання адпусту шляхам удзел у народных місіях, духоўных практыкаваннях, фармацыйных сустрэчах па вывучэнні дакументаў Другога Ватыканскага Сабора і Катэхізіса. Іншая магчымасць – здзяйсненне ўчынкаў міласэрнасці: адведванне хворых, вязняў, самотных пажылых, людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Яшчэ адна магчымасць – учынкі пакаяння. Сярод іх згадваецца адкрыццё “пакаяннай каштоўнасці пятніцы”, устрыманне, прынамсі на адзін дзень, ад рэальных і віртуальных забаў, якія прапануюцца СМІ і сацыяльнымі сеткамі, пазбяганне легкадумным пакупак. Замест гэтага можна здзейсніць ахвяраванне на карысць бедных або на рэлігійную ці дабрачынную дзейнасць, асабліва на карысць абароны жыцця на ўсіх яго этапах, прысвяціць час валанцёрскаму служэнню.
Сакрамэнт споведзі
Падкрэсліваецца, што Святы Год – гэта асаблівы час, калі можна спазнаць Божае прабачэнне. У дакуменце ўтрымліваецца заклік аблегчыць магчымасць для споведзі і згадваецца пра шэраг паўнамоцтваў, дадзеных на гэты конт біскупам. Святары заахвочваюцца шчодра прысвячаць сябе таму, каб як мага больш вернікаў скарысталіся прыладамі збаўлення.
У дакуменце змяшчаюцца некаторыя практычныя парады. Напрыклад, прапануецца змяшчаць у касцёлах расклад гадзін споведзі, правядзенне пакаянных набажэнстваў з магчымасцю прыступіць да сакрамэнту споведзі, заахвочванне да ўдзялення споведзі пажылых святароў, якія не маюць пастырскіх абавязкаў.