Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН: захаваць лясы для будучых пакаленняў

Прытрымлівацца інтэгральнага экалагічнага падыходу да лясных рэсурсаў заклікаў арцыбіскуп Габрыэле Кача на 19-й сесіі Форума ААН па лясах, якая 6 мая 2024 года прайшла ў Нью-Ёрку.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН пацвердзіў прыхільнасць цэласнаму падыходу да аховы навакольнага асяроддзя і нагадаў пра пастаянныя заклікі Папы да інтэгральнай экалогіі, якая ўлічвае ўзаемасувязь усяго існага. У кантэксце лясных рэсурсаў гэта азначае прызнанне таго, што лясы адначасова з'яўляюцца жыццёва важнымі экасістэмамі, крыніцамі сродкаў да існавання, паглынальнікамі вугляроду, рэзервуарамі біяразнастайнасці і ключавымі элементамі сацыяльнага дабрабыту.

Такім чынам, клопат аб навакольным асяроддзі неаддзельны ад клопату пра дабрабыт людзей. Лясы з'яўляюцца не толькі сховішчамі біяразнастайнасці і прыродных рэсурсаў, але і рухавікамі ўстойлівага развіцця, забяспечваючы сродкі да існавання, чыстую ваду і рэгулюючы клімат для мільёнаў людзей па ўсім свеце. Важна, каб дзейнасць у галіне лясной гаспадаркі была накіраваны на ўсебаковае развіццё людзей, у тым ліку ў такіх напрамках, як выкараненне галечы і забеспячэнне харчовай бяспекі.

Прадстаўнік Святога Пасада нагадаў, што пашырэнне запаведнікаў і ўстойлівае лесакарыстанне дазваляюць “захаваць біяразнастайнасць, змякчыць наступствы змены клімату і забяспечыць доўгатэрміновую жыццяздольнасць нашых лясоў для будучых пакаленняў”. У той жа час варта ўлічваць сацыяльна-эканамічныя рэаліі мясцовага насельніцтва і ўзгадняць прыродаахоўныя мэты з патрэбамі мясцовых супольнасцяў.

Дыпламат звярнуў увагу на праблему высечкі лясоў, якая вядзе да апустыньвання зямель, страты біяразнастайнасці, забруджвання і збяднення мясцовага насельніцтва. Ён заклікаў прытрымлівацца інтэгральнага экалагічнага падыходу, які “паважае цэласнасць экасістэм і супольнасцяў”.

07 мая 2024, 10:25