Пошук

Ватыкан: экалагічная фотавыстава ў духу Гімна брату Сонцу

На плошчы святога Пятра ў Ватыкане размясцілася выстава Changes (“Змены”), якая з’яўляецца фотаінтэрпрэтацыяй славутага Гімна брату Сонцу святога Францішка Асізскага.

Ян Глінскі

Мэта ініцыятывы – паказаць наступствы кліматычных зменаў, а з іншага боку, надзею, якую даюць эмоцыі, выкліканыя стваральнай працай Бога.

Фотаздымкі, развешаныя ў каланадзе з левага боку плошчы, застануцца там да 27 мая. Выстава створана ў межах праекта Эмоцыі, якія выклікаюць змены, дзякуючы супрацоўніцтву Дыкастэрыі па камунікацыі, Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Ватыканскага цэнтра вышэйшай адукацыі Laudato si’ у Кастэль-Гандольфа.

Словы Гімна брату Сонцу суправаджаюць 24 фотаздымкі. У іх прасочваецца спасылка на апостальскую адгартацыю Папы Францішка Laudate Deum: “…з цягам часу я зразумеў, што мы не рэагуем як належыць, бо свет, у якім мы жывём, разбураецца і, магчыма, набліжаецца да крытычнай кропкі”. “Няма сумневаў, што ўплыў кліматычных зменаў будзе ўсё больш шкодзіць жыццю многіх людзей і сем’яў. Мы будзем адчуваць іх наступствы ў сферы аховы здароўя, занятасці, доступу да рэсурсаў, жылля, вымушанай міграцыі і ў іншых сферах” (LD2).

Фотаздымкі перадаюць кантраст паміж прыгажосцю створанага свету і разбурэннямі, выкліканымі зменай клімату: як у натуральным асяроддзі, так і ў адносінах да жыхароў Зямлі. Фотатворы запрашаюць да разважання над дзеяннямі, якія варта распачаць у эпоху сацыяльна-экалагічнага крызісу, каб праслаўляць Бога з такой жа сілай, як некалі святы Францішак.

Апоры, на якіх усталяваны вялікія фотаздымкі, выкананы з дрэваў, паваленых у выніку шторму ў італьянскай правінцыі Трэнта. Кадры ж, прадстаўленыя на экспазіцыі, былі зроблены на Барнэа, у Бангладэш, Тога, Эфіопіі, Амазоніі, Фларыдзе, Грэцыі, Італіі, Ісландыі, Аўстраліі і Турцыі. Куратары выставы – Лія і Марыяна Бельтрамі.
 

14 мая 2024, 09:39