Пошук

Базіліка святога Пятра Базіліка святога Пятра  (ANSA)

Святы Пасад: новыя нормы па распазнаванні звышнатуральных з’яў

Дыкастэрыя веравучэння абнавіла нормы адносна распазнавання меркаваных аб’яўленняў і іншых звышнатуральных з’яў. Дакумент быў абнародаваны 17 мая 2024 года ў Ватыкане. Ён увойдзе ў сілу 19 мая.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Новыя правілы дадуць магчымасць больш аператыўна выносіць рашэнні з павагай да народнай пабожнасці. Як правіла, аўтарытэт Касцёла не будзе задзейнічаны ў афіцыйным вызначэнні звышнатуральнасці феноменаў, глыбокае вывучэнне якіх можа патрабаваць вельмі доўгага часу.

Іншым новаўвядзеннем з’яўляецца больш выразны ўдзел у гэтым працэсе Дыкастэрыі веравучэння, якая павінна будзе зацвярджаць канчатковае рашэнне біскупа і будзе мець права ўмяшання motu proprio ў любы момант. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у многіх выпадках, адносна якіх выказваліся паасобныя біскупы, былая Кангрэгацыя веравучэння была задзейнічана, але амаль заўсёды яе ўмяшанне заставалася закулісным і патрабавалася не рабіць яго публічным. Матывацыяй для больш яўнага ўдзелу Дыкастэрыі з’яўляецца таксама складанасць абмежавання мясцовым узроўнем феноменаў, якія часам набываюць нацыянальнае і нават сусветнае вымярэнне, “калі рашэнне, што тычыцца адной дыяцэзіі, мае наступствы ў іншых”.

Прычыны абнаўлення норм

Ля вытокаў дакументу ляжыць досвед мінулага стагоддзя, калі мясцовы біскуп вельмі хутка заяўляў аб надзвычайнасці з’явы, а затым Дыкастэрыя веравучэння выказвала адваротнае меркаванне. Іншыя выпадкі тычыліся сітуацый, калі біскуп выказваўся аб пэўнай з’яве адным чынам, а яго наступнік – супрацьлеглым. Акрамя таго, ацэнка ўсіх элементаў, неабходная для прыняцця рашэння аб звышнатуральнасці ці натуральнасці феномена патрабуе доўгага часу. Часам гэта супярэчыць тэрміновай патрэбе даць пастырскі адказ дзеля дабра вернікаў.

Духоўныя плёны і рызыкі

Прэфект Дыкастэрыі веравучэння, кардынал Віктар Фернандэс, патлумачыў, што “часта гэтыя аб’яўленні спрыялі з’яўленню вялікага багацця духоўных плёнаў, росту веры, пабожнасці, братэрству і служэнню, а ў некаторых выпадках ляжалі ля вытокаў розных санктуарыяў, раскіданых па ўсім свеце, якія сёння адносяцца да сэрца народнай пабожнасці многіх народаў”. Аднак існуе таксама магчымасць таго, што “ў некаторых выпадках падзей меркаванага звышнатуральнага паходжання” ўзнікаюць “вельмі сур’ёзныя праблемы, якія шкодзяць вернікам”: выпадкі, калі з меркаваных феноменаў атрымліваецца “карысць, улада, слава, агульная вядомасць, асабістая зацікаўленасць” аж да “ажыццяўлення ўлады над людзьмі і здзяйснення злоўжыванняў”. Таксама могуць узнікаць “дактрынальныя памылкі, неапраўданы рэдукцыянізм у падачы евангельскага паслання, распаўсюджванне сектанцкага духа”. Ёсць магчымасць таго, што “вернікі будуць уцягнуты ў падзеі, прыпісаныя боскай ініцытыве”, але якія з’яўляюцца ўсяго толькі плёнам фантазіі, міфаманіі і чыйсьці схільнасці да фальсіфікацыі.

Шэсць магчымых ацэнак меркаванага феномена

У сувязі з гэтым у дакуменце адзначаецца, што “не павінна быць ніякага станоўчага прызнання з боку касцёльных уладаў боскага паходжання меркаваных звышнатуральных феноменаў”. Як правіла, “ні дыяцэзіяльны біскуп, ні біскупскія канферэнцыі, ні Дыкастэрыі, не будуць заяўляць, што феномены маюць звышнатуральнае паходжанне, а толькі Святы Айцец можа санкцыянаваць такую працэдуру”.

Абноўленыя нормы прадугледжваюць увядзенне шасці магчымых канчатковых ацэнак аналізу з’яў. Nihil obstat – калі няма ўпэўненасці ў звышнатуральнай сапраўднасці, але прызнаюцца прыкметы дзейнасці Духа. Тады біскупу рэкамендуецца ацаніць пастырскую каштоўнасць з’явы і садзейнічаць распаўсюджванню феномена, уключаючы правядзенне пілігрымак. Prae oculis habeatur – калі прызнаюцца станоўчыя прыкметы, але таксама прысутнічаюць элементы няяснасці ці патэнцыйных рызыкаў, якія патрабуюць распазнавання і дыялогу з атрымальнікамі дадзенага духоўнага досведу. Curatur – калі прысутнічаюць праблемныя моманты, але назіраецца шырокае распаўсюджванне з’явы, з духоўнымі плёнамі, якія пацвярджаюцца. У такім выпадку не рэкамендуецца забарона, якая можа збянтэжыць вернікаў, але біскуп запрашаецца не падтрымліваць феномен. Sub mandato – калі праблемы не звязаны з самім феноменам, але яго неналежным выкарыстаннем паасобнымі людзьмі ці групамі, напрыклад, для атрымання фінансавай выгады. У такой сітуацыі Святы Пасад будзе даручаць біскупу ці яго дэлегату пастырскае кіраўніцтва гэтым месцам. Prohibetur et obstruatur – калі, нягледзячы на некаторыя станоўчыя моманты, праблемныя сітуацыі і рызыкі носяць сур’ёзныя характар. Тады Дыкастэрыя будзе прасіць біскупа публічна аб’явіць, што далучэнне да культу не дазваляецца. Declaratio de non supernaturalitate – гэта ацэнка будзе ўжывацца калі біскуп, грунтуючыся на канкрэтных доказах, будзе ўпаўнаважаны заявіць, што дадзены феномен не з’яўляецца звышнатуральным.

Працэдура правядзення даследавання

Новыя нормы акрэсліваюць таксама працэдуры, якіх трэба прытрымлівацца пры вывучэнні феноменаў. Згодна з імі, выпадак павінен разглядзець дыяцэзільны біскуп і прадставіць сваё суджэнне ў Дыкастэрыю веравучэння для зацвярджэння. У той жа час біскуп закліканы ўстрымлівацца ад публічных заяў адносна звышнатуральнага ці натуральнага характару феномена, пазбягаць стварэння збянтэжанасці і сенсацый.

Калі элементы справы “здаюцца дастатковымі”,  біскуп павінен стварыць камісію па вывучэнні з'явы, у якую павінен увайсці як мінімум адзін тэолаг, адзін спецыяліст па Кананічным праве Касцёла і эксперт, выбраны з улікам характару феномена.
 

17 мая 2024, 12:05