Новы музычны сезон у Ватыканскіх музеях
Марыя Валодзіна - Vatican News
Музыка ў музеях – так называецца культурная ініцыятыва Ватыканскіх музеяў, якая сведчыць пра ўніверсальнасць творчых моў візуальнага і музычнага мастацтваў, іх дыялог і асаблівую сінэргію.
Канцэрты адбудуцца ў рамках вячэрняга адкрыцця Ватыканскіх музеяў па пятніцах. У гэтыя дні яны будуць працаваць да 20.00 (апошні ўваход у 18.00). Канцэрты бясплатныя, іх кошт уключаны ва ўваходны білет. Пачатак у 18.00.
Першы і апошні канцэрты музычнага сезона пройдуць у велічнай зале Armo Nuovo (адгалінаванне ад музея К'ярамонці). Усе астатнія выступленні адбудуцца ў скульптурнай галерэі Музея Піа Клеменціна.
Па традыцыі, Ватыканскія музеі зноў запрасілі да ўдзелу ў сваіх пятнічных вечарах навучэнцаў італьянскіх кансерваторый і міжнародных музычных акадэмій. На ўнікальнай сцэне сярод шэдэўраў класічнай скульптуры наведвальнікі змогуць атрымаць асалоду ад інструментальных і вакальных выступленняў, падрыхтаваных кансерваторыямі такіх італьянскіх гарадоў, як Модена, Імола, Церні, Пінерола, Сасары, Неапаль, Кастэльфранка Венета і Сіена.
На адкрыцці музычнага сезона 3 мая адбудзецца сумесны канцэрт аркестра Ватыканскай жандармерыі і аркестра Ваенна-паветраных сіл Італіі. Завяршыць сезон сумесны канцэрт аркестра Ватыканскай жандармерыі з аркестрам Ваенна-марскога флоту Італіі, які адбудзецца 25 кастрычніка.
У нядзелю 29 верасня 2024 года, у літургічны ўспамін святога Міхала Арханёла, апекуна Ватыканскай жандармерыі, у Папскім палацы ў Кастэль-Гандольфа адбудзецца канцэрт ватыканскага духавога аркестра. Пачатак у 17.00.
У рамках музычных пятніц, акрамя канцэртаў, Ватыканскія музеі прапануюць наведвальнікам магчымасць забраніраваць экскурсію і пакаштаваць аперытыў.