Пошук

Кардынал Паралін ў Папскім універсітэце Урбаніяна Кардынал Паралін ў Папскім універсітэце Урбаніяна  (© Teresa Tseng Kuang Yi))

Дзяржсакратар пракаментаваў сітуацыю вакол арцыбіскупа Вігано

“Ён павінен адказаць за сваё стаўленне”, - такімі словамі Дзяржсакратар Яго Святасці Папы пракаментаваў апублікаваную арцыбіскупам Карла Марыяй Вігано навіну пра тое, што Дыкастэрыя веравучэння абвінаваціла былога апостальскага нунцыя ў ЗША ў схізме.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Мне вельмі шкада, таму што я заўсёды цаніў яго як вельмі працавітага і вельмі вернага Святому Пасаду. Ён быў прыкладам, і калі стаў Апостальскім нунцыем, працаваў вельмі добра. Я не ведаю, што здарылася”, - сказаў кардынал П’етра Паралін у кулуарах прэзентацыі кнігі Кардынал Чэльса Кастанціні і Кітай – будаўнік моста паміж Усходам і Захадам у Папскім універсітэце Урбаніяна.

Ён патлумачыў, што арцыбіскуп Вігано быў выкліканы ў Дыкастэрыю Веравучэння, каб адказаць на абвінавачванні ў схізме, таму што “ён прыняў пэўныя пазіцыі, за якія, вядома, павінен несці адказнасць”. “Мне здаецца нармальным, што Дыкастэрыя ўзяла сітуацыю ў свае рукі і праводзіць неабходныя даследаванні для далейшага вывучэння гэтага пытання”, - сказаў Паралін.

Паводле інфармацыі, апублікаванай самім арцыбіскупам Вігано, дэкрэт ад 11 чэрвеня 2024 года загадвае яму з'явіцца ў Дыкастэрыю веравучэння 20 чэрвеня 2024 года, каб атрымаць абвінавачанні і доказы. Калі ён не прызначыць сабе адваката, Дыкастэрыя прызначыць яму абаронцу ex officio. У адпаведнасці з дэкрэтам, Дыкастэрыя 10 мая 2024 года вырашыла распачаць пазасудовую справу.

83-гадовага арцыбіскупа вінавацяць у “публічных заявах”, якія адмаўляюць падтрыманне камуніі з Каталіцкім Касцёлам. У прыватнасці, гаворка ідзе аб адмаўленні легітымнасці Папы Францішка, а таксама аб непрыманні вучэння Другога Ватыканскага Сабора. Злачынства схізмы караецца экскамунікай.
 

21 чэрвеня 2024, 10:34