Пошук

Лінда Гізоні (справа), падсакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця Лінда Гізоні (справа), падсакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця 

Лінда Гізоні: многія касцёльныя рухі служаць мадэллю сінадальнасці

Падрабязнасцямі штогадовай сустрэчы мадэратараў касцёльных рухаў і асацыяцый падзялілася ў інтэрв’ю ватыканскім СМІ Лінда Гізоні, падсакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У мерапрыемстве, якое пройдзе 13 чэрвеня 2024 года ў Новай сінадальнай зале, прымуць удзел прадстаўнікі 95 з 117 каталіцкіх рухаў і супольнасцяў, афіцыйна прызнаных Святым Пасадам. У агульнай колькасці збярэцца больш за 220 чалавек. Кульмінацыяй сустрэчы стане аўдыенцыя Францішка.

Падзея накіравана на тое, каб аднавіць сувязі сяброўства, нагадаць пра пакліканне быць народам Божым, які ідзе па сінадальнаму шляху.

Па словах Гізоні, "гаворка ідзе не пра стварэнне новых структур", а пра тое, каб спрыяць сінадальнасці, што цалкам адпавядае прапановам Сінода Біскупаў. Пры бліжэйшым разглядзе сінадальнасць з'яўляецца адметным вымярэннем многіх асацыяцый і рухаў і сыходзіць каранямі ў іх гісторыю. "Мы перакананыя, што яны сапраўды ўяўляюць сабой мадэль сінадальнасці для місіі Касцёла. Сінадальнасць з'яўляецца асноватворным вымярэннем і суправаджае ўсе моманты жыцця гэтых арганізацый: іх дзейнасць, апостальства, малітву і нават форму кіравання", - дадала яна.

Праграма сустрэчы ўключае ранішнюю Імшу ў базіліцы святога Пятра, папскую аўдыенцыю, прывітальны зварот кардынала Кэвіна Фарэла і некалькі дакладаў, пасля якіх усе дэлегаты атрымаюць магчымасць свабодна выказацца, задаць пытанні, падзяліцца думкамі і досведам.

Лінда Гізоні звярнула ўвагу на два ключавыя аспекты, якія дапамагаюць зразумець каштоўнасць гэтай штогадовай сустрэчы. “Першы тычыцца неабходнасці лічыцца з рэальнасцю”, - адзначыла яна. Каталіцкія рухі і супольнасці ўяўляюць сабой вялікі скарб, які павінен быць адаптаваны да сучаснага кантэксту. Другі аспект звязаны з колькасцю ўдзельнікаў. Сёлета будзе дасягнуты рэкорд: у мерапрыемстве возьмуць удзел звыш 220 прадстаўнікоў 95 рухаў і асацыяцый. 80 з іх – адказныя асобы.

12 чэрвеня 2024, 12:28